RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Слоўнік Свабоды


Газоўка

Напрыканцы 70 – пачатку 80-х гадоў, калі ў інстытуце гісторыі партыі рыхтавалі чарговае выданьне твораў Леніна па-беларуску, перакладчыкі сталі перад праблемай – як перакласьці словы “керосиновая” і “газовая” прамысловасьць, калі “керосин” па-беларуску – газа.

Праблему вырашыў адзін малады філёляг, які бяз доўгага роздуму сказаў: газавая прамысловасьць і газная. Вось жа газавая і была той, якая датычыла газы – роднай маці слова газоўка.

Газоўка, газьніца, газьнічка – самаробная газавая лямпа бяз шкла. Зробленая з бляшанкі, яна асьвятляла беларускія хаты, зь гільзы – партызанскія зямлянкі і сховы зялёнадубаўцаў – антысавецкіх партызанаў-змагароў за Беларускую справу.

Сынонімы да газоўкі: кураўка, капцілка, каганец.

Зь дзяцінства памятаю як на зьмену газавай лямпе са шклом прыйшла электрычнасьць, і людзі павыкідалі лямпы. Але неўзабаве высьветлілася, што новы для вёскі гатунак энэргіі – справа ненадзейная. Вецер блытаў і замыкаў драты, чамусьці почасту перагараў трансфарматар. І тады вяскоўцы вярталіся да газовак. Гэтым разам яны ўяўлялі сабой сподачак, у які наліваўся алей і ўкладаўся ніцяны кнот. Ад газы тут была толькі назва – газоўка.

Напрыканцы стагодзьдзя газоўкі перасталі ўжывацца нават у курных лазьнях. Заместа іх, у разе патрэбы, людзі карыстаюцца сьвечкамі.

Бывай, газоўка!

Сяржук Сокалаў-Воюш
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org