border RFE/RL border

БЕЛАРУСКАЯ СЛУЖБА РАДЫЁ СВАБОДА

Слоўнік Свабоды


Газэта

Словам “газэта” некалі ў Вэнэцыі называлі манэту, якой плацілі за друкаваны інфармацыйны аркушык, які ўласна і быў газэтай у цяперашнім сэнсе слова. 

Першая беларуская нелегальная газэта (“Мужыцкая праўда”) зьявілася яшчэ ў мінулым стагодзьдзі, а вось першая легальная – “Наша доля” – толькі ў гэтым.

Паколькі асноўнае прызначэньне газэты – праўдзіва інфармаваць – савецкія газэты не выконвалі, народ таксама ўжываў іх не паводле прызначэньня.  Адныя, ва ўмовах дэфіцыту паперы для прыбіральні, замянялі яе газэтай.  Другія – закаркоўвалі газэтай бутэлькі з алеем і самагонкай.  Трэція – мылі газэтай вокны, білі ёй мух, скручвалі зь яе цыгаркі і распальвалі дровы ў печы, празь яе прасавалі штаны, у яе загортвалі ежу ў дарогу, рэзалі на ёй закуску.  Пры гэтым газэта ніколі не ўжывалася як сурвэтка.  Рот і рукі выціралі рукавом, аб штаны або ніяк…

У войску, у зімовы час, газэты ўжываліся замест анучаў.  Газэта лепш трымала цеплыню.

Разам з тым, газэта была апошняй надзеяй шукальнікаў праўды.  У газэту скардзіліся, і надрукаваная скарга нярэдка дапамагала вырашыць праблему.

У назвах савецкіх газэтаў адбівалася ўся ідэалёгія камунізму: старадароскі “Поступ кастрычніка”, пад лепельскім “Ленінскім сьцягам” выходзіў “На – петрыкаўскія – новыя рубяжы” і крупнянскім “Ленінскім курсам” ішоў да пружанскай “Зары камунізму”… Аповед можна працягваць…

Чытачы ставіліся да газэтаў па-рознаму.  Бальшыня сьвята верыла ў магію надрукаванага слова.

Для адных надрукаванае: “глаўнакамандуючы Сталін” было праўдай, для другіх праўдай была друкарская абмылка: “гаўнакамандуючы”.

Напрыканцы ХХ-га стагодзьдзя газэту ўсё часьцей і часьцей пачаў замяняць тэлевізар.

Сяржук Сокалаў-Воюш
 

© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org