RFE/RL |
|
Слоўнік Свабоды
Хата
Слова хата фіксуецца толькі ў трох мовах - беларускай, украінскай і польскай. Ягоная дарога да нас была вельмі даўгая і таямнічая - дасьледнікі выводзяць ягонае паходжаньне з старажытнавугорскай мовы, куды яно трапіла з мовы авэстыйскай. Аднак сярод беларусаў слова хата прыжылося і зрабілася адным з самых родных і дарагіх. Хата - нешта цёплае, роднае, блізкае і зразумелае, у адрозьненьне ад халодных абстракцыяў кшталту «народ», «дзяржава», «айчына». Свая хатка як родная матка. Як у сваёй хатцы - кажа беларус пра месца, дзе адчувае сябе добра і ўтульна. З хаты пачынаецца гаспадарка і гаспадар. Хата - галоўны асяродак існаваньня, прастора назапашваньня жыцьцёвых скарбаў. Хата - гэта канкрэтны пункт лучнасьці чалавека зь зямлёю. Хата бароніць ад сьвету, ад прыродных і чалавечых стыхіяў, аднак часам гаспадар мусіць ісьці ў сьвет, каб бараніць сваю хату і тое, што ў ёй. Яшчэ ў сярэдзіне ХХ стагодзьдзя сялянская хата была пераважным тыпам жытла беларусаў. З прыходам урбанізацыі беларусы паперасяляліся ў дамы, кватэры, камуналкі, хрушчоўкі. Аднак мінуў час, і слова хата перабралося за беларусамі ў горад. Гэтак сёньня - нават калі гавораць па-расейску - называюць любое сваё жытло. У хаце родзяцца і гадуюцца дзеці, у хаце кахаюцца, жывуць і паміраюць. У хаце прымаюць гасьцей - і частуюць іх чым хата багата. З хаты чалавек сыходзіць у сьвет - каб зноў і зноў вяртацца. Дахаты. Сяргей Шупа
|
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved. http://www.rferl.org |