border RFE/RL border

БЕЛАРУСКАЯ СЛУЖБА РАДЫЁ СВАБОДА

Слоўнік Свабоды


Гаспадар

Так і чуецца ў слове Гасподні дар, Божы дар, бо добрым гаспадаром быць — гэта трэба мець талент.

Гаспадар — чалавек, які нечым валодае, нечым распараджаецца, пра нешта рупіцца, вядзе гаспадарку, і любая гаспадарка — галоўны клопат гаспадара.  Жытло гаспадарова з усімі прыбудовамі недарэмна ўзвышана называецца гасподай.  Мужчына муісць быць гаспадаром свайго слова, гаспадаром свайго дома.  Гаспадаром жонка называе мужа.

У даўніну дзяржава называлася гаспадарствам.  Памятаеце, як пачынаюцца казкі?  У некаторым царстве, у некаторым гаспадарстве...  І ўладароў Малдовы і Валахіі велічалі гаспадарамі.

Гаспадар — чалавек незалежны ў адрозьненьне ад люмпэна.  На гаспадарах трымаецца дзяржава, жыцьцё будзённае і асяжныя мроі.

Калядоўшчыкі, прыйшоўшы ў гаспадароў двор, песьню звычайна пачыналі: «Гаспадарочак, сьлічны паночак...»  І паважная форма зьвяртаньня да каго-небудзь — «спадар» — таксама ад слова гаспадар.

Без гаспадара і нізінай стане гара.  А над усімі намі, над усім сьветам — адзін Гаспадар Усявышні — Госпад.

Рыгор Барадулін
 

© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org