border RFE/RL border

БЕЛАРУСКАЯ СЛУЖБА РАДЫЁ СВАБОДА

Слоўнік Свабоды


Гарбата

Гарбата як напой мае за сабою блізу трохтысячагадовую гісторыю. Пачалося ўсё ў Кітаі. Зь вечназялёных гарбатных дрэваў зьбіралі верхавінкі лісткоў. Лісткі пасьля апрацоўвалі, а тады настойвалі на іх напой – гарбату. Здавён ведалі, што гарбата танізуе. Ужывалі яе ўсё часьцей, і так ператварылася ў нярэдкіх народаў піцьцё гарбаты ў рытуал.

У Беларусі яе пілі зь сямнаццатага стагодзьдзя. Ішла да нас гарбата як з Эўропы, так і праз Расею з Азіі. Таму й прыжыліся адначасна ў нашай мове два назовы – гарбата й чай. Першы зь іх – паходжаньнем з Галяндыі. Адтуль якраз шырыўся па Эўропе ўсходні напой.

У слове гарбата дзьве часткі: лацінскі назоў расьліны “гэрба”, ды частка “та”, якая ад “тэ”, паўднёва-кітайскага назову гарбаты. А вось з паўночна-кітайскага “ча” вядзе свае вытокі другі, а для каго й першы наш назоў – чай.

У першай траціне дваццатага стагодзьдзя ў маладой беларускай літаратурнай мове культывавалі ў асноўным гарбату. У купалавай “Паўлінцы,” да прыкладу, пьюць ўсё гарбату, ня чай. Максім Гарэцкі, між іншым, нават упікаў ў дваццатых гадох Міхасю Лынькову, што той піша ў сваіх творах “чай” замест літаратурнага “гарбата”. Пасьля, праўда, арыянтыры зьмяніліся, і чай ледзь не напоўніцу выцясніў гарбату.

У Беларусі чаявалі, ведалі пра дасягненьні савецкага чаяводзтва, але ймкнуліся пры гэтым набыць усё ж імпартаванага чаю, які ў продажы называўся індыйскім або цэйлёнскім. Калі-нікалі можна было нат' зайсьці ў “Чайную”. З эканамічных і сацыяльных прычынаў чай там быў далёка не наймацнейшым напоем.

Пад канец стагодзьдзя поруч чаю ў Беларусі зноў аджыла гарбата. Выбар паболеў, ды й смакі цяпер на розныя густы. Праўда, няма ўжо а ні “Чайных,” а ні “Гарбатняў”.

На адной гарбаце, як ведама, далёка не заедзеш. Як кажуць ў нас, “што кажух – то ня вата, што капуста – то не гарбата”.

Юрась Бушлякоў
 

© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org