border RFE/RL border

БЕЛАРУСКАЯ СЛУЖБА РАДЫЁ СВАБОДА

Слоўнік Свабоды


Фуфайка

Некалі па заходнебеларускіх вёсках кабеты фарсілі ў плюшавіках, аздобленых футравымі манто.

Шляхетна плыла мая матуля па вуліцы -- як пава. А на стрэчу ёй -- гэткія ж упэўненыя годныя сялянкі-пані. І нікому было няўцям, што найлепей пасуе маладзіцы й дзецюку, спадарыні ды спадару дарунак лёсу -- фуфайка.

Гэткая цёплая, зручная, без фасонаў і выкрунтасаў, аднолькавая на ўсіх фуфайка. Апранаха, што вызваляе ад комплексаў і прэтэнзыяў. Унівэрсальная прыдумка новага ладу.

Здаецца не засталося па вёсках і мястэчках якое людзіны, што ня ўлезла б, як у абарончую ракавіну, у фуфайку.
У фуфайцы настаўнік або аграном -- ужо не гнілая інтэлігэнцыя, а паўнапраўны член обшчэства. Фуфайка -- як візытоўка ў сьветлае будушчае.

Фуфайка ганарыста ўскараскалася нават на дзіцячыя плечы. Нібыта прырасла да беларускае нацыянальнае паставы. І ўрэшце -- вось вам, відочна паўстала праяваю нашае зацятае пакоры. Фуфайка дзе трэба -- прыгорбіла, дзе належыць -- прыхавала гордасьць стану.

Чалом, чалом савецкай вызваленчай фуфайцы! Сымбалю нашае аднолькавасьці й прыніжанасьці. Лягернаму ратунку ад сьцюжаў. Чалом вынаходніку самае перадаваое ўніформы ў сьвеце -- ватоўкі, якая пазбаўляе ад усялякага цяжару адметнасьці, якая ўшчэнт вынішчае індывідуальнасьць, непатрэбную настаяшчаму чалавеку, вызваляе ад сябе самога.

Зрэшты, самае слова фуфайка ці, па-народнаму, куфайка -- ня мае каранёў, хістаецца недзе блізка да гішпанска-партугальскага "надзьмуты", "надзіманы".

І мы ў фуфайцы самі не свае. Надзіманыя, а значыць -- падманныя.

Антаніна Хатэнка
 

© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org