RFE/RL |
|
Слоўнік Свабоды
Экстрэміст
Карэньне слова экстрэміст – у лаціне: “схільны да скрайніх учынкаў”. Скрайніх учынкаў у Беларусі ў гэтым стагодзьдзі было няшмат – таталітарны, усюдыісны рэжым перашкаджаў. У 80-я мянушку прышчэпліваюць да ціхманага беларускага дрэўца: экстрэмісты з БНФ; экстрэміст Алесь Пушкін; пена экстрэмісцкая на хвалях перабудовы. Страшылка “экстрэміст” упала не на камень, а далучылася да жывучых у народзе страхаў. Страх, што заб’юць хучэй ворганы, чым хто іншы, што пасадзяць, што прападзе аклад у ашчаднай касе, калі экстрэмісты адлучаць нас ад Расеі, спрацоўваў у вызначаным кірунку. Эпоха праваслаўнага атэіста падабрала рызьзё ды начапіла на пудзіла. Праўда лахман гэты – экстрэміст – страціў унівэрсальнасьць. Кожны маладзён з Пагоняю і ў запраўды быў экстрэмаю для абываталя. А вось экстрэміст – прадпраймальнік, экстрэміст – сябра Канстытуцыйнага суду, экстрэміст – гэнэрал-палкоўнік – не гучыць. Сямён Шарэцкі зь ягоным дабрадушным, глыбінна-народным тварам на “акстраміста” не выглядае. Дало маху слова. Павал Марціновіч
|
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved. http://www.rferl.org |