RFE/RL |
|
Слоўнік Свабоды
Дыван
Ад самае восені пасьля дакопкаў кабеты хадзілі адна да адной у хаты й заўзята перамалёўвалі на вялізныя палотны паперы мудрагелістыя ўзоры. Гэтак задумваліся дываны. Дываны расквечвалі жыцьцё ад народзінаў да праводзінаў. Дываны ў ромбікі, квадрацікі, вянкі, вясёлкі й птушкі -- маляўнічыя сьведкі гісторыі, праява нацыянальнага сьветагляду. Пэрсідзкае слова дыван прыжылося ў нас, прынаравілася й пачувалася ня меней пашанотна, чым у Турцыі, дзе дываном звалася раней рада саноўнікаў пры султане. Ня горай, чым увогуле ва ўсходнім сьвеце, дзе дываны -- і зборнікі лірычных вершаў, і ўрадавыя ўстановы. Але пасьля... Пасьля ў гасподах зьявіліся замест канапаў "дзіваны", бо гэтак зрабілася модна называць лежбішчы для мужчыны з газэты. Пасьля рынуўся народ натоўпам ў сьпісы й чэргі, каб здабыць дыван -- "кавёр" -- на сьцены й на дол, бо тое ж было знакам заможнасьці! "Жыву ня горш за суседа!" А старое ласкавае слова дыван не пазнавала самога сябе, забывалася, што на самрэч яно азначае. Тканыя прабабулямі гордыя дываны, што зьберагалі магію ўлады ў шыфрах-узорах, перасяліліся на гарышчы, у цёмныя прыпечкі, нямыя каморы. Цяпер у краіне раскашавалі "каўры" і "дзіван". Бабуля мая, калі ўрачыста ўнесьлі ў пакой канапу, абвясьціўшы яе "дзіванам", заўпарцілася аддаваць дарагое слова, стала кпліва прыгаворваць: "ой то ўжо выгода -- на Йвана сяду, на Сідара ўглядацца буду". "Сідарам" яна празвала скрынку-тэлевізар, у Івана перахрысьціла "дзіван". Згадваю ейнае абурэньне й высновы. Праўду казала. На іванах пакорліва сядзім, на падманных сідараў углядаемся. Антаніна Хатэнка
|
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved. http://www.rferl.org |