RFE/RL |
Дуст
Дуст — ядавітае рэчыва для зьнішчэньня шкодных насякомых. І хоць гэтая атрута ўжо даўно забароненая для ўжываньня, памяць пра яе моцна жыве ў народзе. Вось і я ўспамінаю сваё дзяцінства, калі мы, “пионэры советской страны”, крочылі бясконцымі калгаснымі палеткамі, і хто клізмаю, а хто венічкам пасыпалі капусту, бульбу, кукурузу шэрага колеру атрутаю. А часам, бавячыся, і адзін другога. А ўзімку елі тую ж капусту з дустам — атрутаю, якая дзесяцігодзьдзямі не раскладаецца. Пазьней мы ў разумным часапісе прачыталі, што нават у ільдах Антарктыды знайшлі няведама адкуль туды патрапіўшы дуст, і ён захаваў свае якасьці. Дзякуючы дусту поўніліся засекі Радзімы вітаміннай прадукцыяй. Зноў жа – дзякуючы яму, дусту, расла вытворчасьць клізмаў і венікаў. Дуст паўплываў на тэхнічны прагрэс: зьявілася сельгасавіяцыя. Выплылі з аблокаў «кукурузьнікі», і на вусеняў, і на людзей пасыпаўся зь неба дуст. Памяць фіксуе агітацыйны плякат: корчацца, дохнуць вусені, а над імі тры злавесныя літары: ДДТ, што на мове людзей простых і азначае дуст. Дохлі вусені, каларадзкія жукі й птушкі. Савецкі народ аказаўся больш жывучым. Выжыў… І слова дуст ужывае цяпер ужо ў ядавітых жартах. Дустам іх пасыпаць, дустам!..— крычала сталага веку кабета на антыкамуністычнай акцыі ў Менску ў 90-м годзе. А зусім нядаўна ад сябра-ўкраінца я пачуў: «А вас Лукашэнка дустам яшчэ не спрабаваў?». Падумалася: паспрабуе. Ні голадам, ні холадам, ні турмамі зламаць людзей не ўдаецца. Дустам трэба, дустам! А ўвогуле, калі вяртаць камуну — дык з усімі яе атрыбутамі: і з дошкамі гонару замест заробкаў, і з палітінфармацыямі замест інфармацыі… І, натуральна, з дустам… Працэс пайшоў. Вынік інтэграцыі з Усходам увасобіўся ў дусьце. Нядаўна на Камароўцы я пабачыў новы прэпарат: ДУСТ
Вячаслаў Ракіцкі
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |