RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Слоўнік Свабоды


Дуда

Эх, скручу я дудку,
Такое зайграю,
Што ўсім стане жудка
Ад краю да краю.

І стала жудка, і верш Францішка Багушэвіча як пракляты залом застаўся на беларускай ніве ў ХХ стагодзьдзі. Яго спрабаваў разблытаць Купала, ды і ягоная дудка-жалейка дачасна зайшлася жалем. І коласаў Сымон-музыка ня даў рады, хоць і сілкаваў свой талент ад “песень-вечароў, ад казак-дудароў”. А казка Дудара на імя Алесь у 30-я гады пачыналася зусім не на казачны лад: “Пасеклі наш край напалам”.

Вясёлыя сынонімы дудкі – сьверасьцёлка, сапёлка, шасьцяруха, пішчэлка, гульлівыя прыказкі накшталт “Без смыка і без дуды ходзяць ногі не туды” ня здолелі адвадзіць містычнай багушэвіцкай жуды ад тых, хто адважваўся дудзець. І невядома, куды зайшлі ногі Ўладзімера Дудзіцкага, які бясьсьледна зьнік ў 70-я гады ў накрайсьветнай Вэнэсуэле, даўшы згоду ачоліць Беларускую службу Радыё Свабода.

Дуда за 400 гадоў свайго існаваньня на Беларусі была і сакральным інструмэнтам, бо аджыўлялася духам. На здольнага паэта ці песьняра казалі “Божая дудка”.

А калі на беларускім апазыцыйным мітынгу ў 90-я гады ўшаноўвалі хвілінай маўчаньня памяць Джахара Дудаева, чачэнскі герой не здаваўся чужаком, бо ягонае прозьвішча лёгла дзялілася на два беларускія словы.

А ў сучасных змагарных песьнях дуда нават захапіла першынство сярод вайсковых музычных інструмэнтаў.

Дуды над хлопцамі граюць трывожна,
Над полем бітвы сьпявае рог,
Тапчыце зямлю, легіёны Божыя,
Наперадзе вораг, за намі – Бог.

Гэта – гімн беларускага “Белага Легіёну”, чые ўлёткі прамаўляюць да людзей коратка як стрэл – мы тут.

Міхась Скобла
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org