border RFE/RL border

БЕЛАРУСКАЯ СЛУЖБА РАДЫЁ СВАБОДА

Слоўнік Свабоды


Дранікі

У шэрагу страваў з бульбаю ёсьць у нас даступныя кожнаму дранікі. Ядуць іх усюды ў Беларусі. Яны і драчы, і драчонікі, і дзербнікі, і дзяронікі, і дранкі, і нават дзеруны. Называюцца так, бо маюць першааснову -- драную бульбу. А далей ужо, хто як любіць, ці ў каго на што ёсьць.

Або да бульбы дададуць мукі й солі ды падсмажаць да скарыначкі на распаленай і скырчлівай ад алею патэльні, або нафаршыруюць ці грыбамі, ці яйкамі, ці рыбаю, ці мясам і возьмуцца смажыць -- таксама да абавязковае румянае скарыначкі. І будуць тады дранікі хрумсьцець на зубох.

Дзівяцца нярэдка, едучы дранікі, прышлыя людзі -- так смачна й добра. І нават ім ня верыцца, што гатуецца гэтая смаката так проста. Адзін мой нядаўны румынскі госьць аж так упадабаў дранікі, што ўсё ўдакладняў рэцэпт -- замерыўся гатаваць іх у сябе дома.

Бяз дранікаў не ўявіць беларускае кухні. Памятаецца, як некалькі гадоў таму стваралі ў запале пошуку сваёй альтэрнатывы амэрыканскаму МакДональдзу "Беларускае Бістро" сьледам за прыдуманым у Расеі "бістром" расейскім.

Дык вось за адну з асноўных страваў нашага "бістра" абралі дранікі. Смажаныя на камбітлушчы, яны вельмі смакуюць наведнікам пад слабанацэненую там беларускую гарэліцу.

На мяжы тысячагодзьдзяў дранікі застаюцца знакам беларускага. Нездарма адзін зь беларускіх сайтаў у інтэрнэце яго стваральнікі назвалі максымальна ясна -- "Дранікі". І страва ўнівэрсальная, і сайт -- на розныя густы.

Дранікі -- той наш атрыбут, якому беларусы пакуль нязьменна верныя. Хто-ніхто на'т не супраць таго, каб проціпаставіць нашыя дранікі зьненавідным іншаземным прысмакам. Так вось і было на сёлетнім "Славянскім базары", на адным з канцэртаў якога давялося пачуць прыпевачку: "Як я дранікі ўсё ела -- дык нідзе мне не сьвярбела. Як я сьнікерсаў паела -- дык усё мне засьвярбела".

Юрась Бушлякоў
 

© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org