border RFE/RL border

БЕЛАРУСКАЯ СЛУЖБА РАДЫЁ СВАБОДА

Слоўнік Свабоды


Дэмбель

Кепскі той салдат, што з першага дню службы ў арміі пра дэмбель ня думае, бо ў бацькоў-камандзіраў адная задача -- каб служба раем не здалася.

Дэмбель -- гэта на салдацкім слэнгу дэмабілізацыя, дзень, калі падпісваюць загад аб сканчэньні службы ў войску, і салдат едзе да дому. Тыя, хто падлягаюць дэмбелю, адлічваюць кожны дзень, і паўсюль, дзе можна і нажамі выразана, а цяпер і фламастарамі напісана -- колькі засталося да дэмбеля.

Дэмбелянты -- гэта "старыя", а маладое папаўненьне -- "салагі". Дэмбелянт загадзя рыхтуецца да чаканага дню, мяняе ўсё на новае -- ад рамяня да чаравікаў.

"Салагі" паслугоўваюць "старым". Любяць дэмбелянты розныя фантазыі -- ляжыць, прыкладам, на койцы, а "салагі" марудна нясуць койку й ціха пагойдваюць, махаюць галінамі -- гэта дэмбелянт плыве ў дэмбель.

Дэмбелянтаў звычайна ня дужа загружаюць працаю. Праўда, калі патрапіць у няласку, начальства можа дэмбель падпісаць 31 сьнежня ўвечары або 1 студзеня. Сьвяткуй тады навагоднюю ёлку зь мядзьведзем, калі ён яшчэ дзе ацалеў.

Слова дэмбель грэе салдата сподзевам.

Рыгор Барадулін
 

© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org