RFE/RL |
|
Слоўнік Свабоды
Дастаць
Усе людзі ад прыроды гульцы. Ды й жыцьцё падобнае на вялікую заўзятую гульню. Ці хто каго, ці хто з кім. Чалавеку малому й сталаму трэба цацка, якую ён будзе даглядаць, якою ён будзе выхваляцца. А дзе й сваю недасканаласьць цацкаю прыкрые -- ці то аўтамабілем, ці то шыкоўнай кватэраю, ці футрам. Маўляў, вось маю, дасягнуў, ня горшы за ўсіх вас. Але бываюць гэткія часы й гэткія краіны, калі цацку для жыцьцёвае гульні прыдбаць архіскладана. Насамрэч трэба зрабіцца выбітным гульцом. Памятаю, які дзясятак гадоў назад ці ня ўсе мы апантана гуляліся ў драматычную гульню пад назваю "дастаць". У аднаго тут роля дабрадзея, які нешта дастае, у іншага -- прашэльніка. Потым ролямі зручна мяняюцца. І дастаецца ўсё, што душа сьніць -- машыны, дываны, лекі, хаты, пасады, кнігі, сукенкі, мэбля, посуд. Гульня закручвае, захапляе, робіцца падобнай да хованкаў ці жмуркаў. Зьвялася цяпер ушчэнт гульня, а лёгкае слоўца "дастаць" зьмяніла акрасу. Цяпер мы скрыўджана адмахваемся адно ад другога: "Адчапіся! Не даставай!". Цяпер мы абураемся: "Ну й даставучы ж ты!". А самыя дасьціпныя абразьліва кпяць: "Ня будзь Дастаеўскім!" Жытка нашая вымучыла, дастала. Антаніна Хатэнка
|
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved. http://www.rferl.org |