RFE/RL |
Цывілізацыя
Цывілізацыя – гэта калі куды вокам ня кінь, усюды бачна ня створанае Богам, а зробленае рукамі чалавека. Напрыканцы ХХ стагодзьдзя зямная куля як цесны пакой спрэс застаўленая людзкім наробкам. І гэты рукатворны сьвет ужо мае сваю веру – тэхнічны прагрэс, свайго Бога – атамную бомбу, свой судны дзень – ядзерны апакаліпсіс. Тут усё амаль як і ў тым, нерукатворным. З адной толькі розьніцай – Бог стварыў белы сьвет для птушак, зьвяроў, Адама і Эвы, а чалавек выштукаваў цывілізацыю выключна дзеля самога сябе. 6 мільярдаў людзей штодня завіхаюцца ля камбайну сусьветнай цывілізацыі, каб забясьпечыць хлебам і камфортам адно толькі чалавека. Пэўна, з гэтага можна цешыцца. Ах, што за асілак, гэты маленькі чалавек, які агораў такую магутную цывілізацыю! Але хай кожны сам сябе запытае: а ці варты я, каб асабіста дзеля мяне, дзеля майго кароткага існаваньня, гіганцкі молах цывілізацыі бяз роздыху перамолваў на друз той жыцьцядайны сусьвет, што аднойчы быў створаны Богам. Я таксама запытаўся ў сябе, і мне зрабілася вусьцішна. Валянцін Акудовіч
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |