RFE/RL |
|
Слоўнік Свабоды
Цнатлівасьць Цнота, то бо чэснота, спачатку была почасьцю мужчыне, чэснаму ваяру. Яе можна было заслужыць сьмеласьцю, моцай, разумнай стрыманасьцю, сілай духу, адданасьцю. Пра гэта сьведчыць і лацінскі адпаведнік цноты, virtus, ад vir – мужчына; гэта значыць – " заслуга мужчыны". Мужчынскае неўнікнёна ставала агульначалавечым, і цнота паступова стала абазначаць дабрачэснасьць увогуле, каб урэшце ня ўнікнуць дэвальвацыі ў цнатлівасьць, уласьцівасьць хутчэй жаночую. Добра быць цнатліваю дзяўчынаю, кепска быць цнатлівым хлопцам. Калі цнатлівасьць хоць этымалягічна – вынік пэўнай актыўнасьці, дык слова "нявіннасьць", якое стала выціскаць з ужытку слова "цнатлівасьць" у ХХ ст., ёсьць якасьцю яшчэ больш пасыўнай, наіўнай, бясшкоднай і безадказнай. Мужчыны дамагаюцца ад жанчын цнатлівасьці. Мужчынам падабаецца разбураць. Бо разбурэньне – гэта авалодваньне. Зруйнаваць – значыць апанаваць. Расейцы насадзілі сваю ўладу ў Беларусі, ламаючы ўсе нашы цноты – ад цэркваў і ратушаў да ляндшафтаў і правапісу. Калі Купалава "Раскіданае гняздо" ёсьць мэтафарай, дык гэта мэтафара зваяванай і падуладнай краіны. Паніч дурыць галаву Зосьцы, а Сымонка грае на скрыпачцы… Імпэрская ідылія! Ёсьць нешта рамантычнае ў слове "цнота", ёсьць нешта трагічнае ў слове "цнатлівасьць". Беларусы й цяпер застаюцца ў стане агіднай мужчынскай цнатлівасьці. Вобразна кажучы, у Беларусі няма алькагалізму, у Беларусі спойваюць малалетак. Андрэй Дынько
|
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved. http://www.rferl.org |