RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Слоўнік Свабоды


Цемрашал

Цемрашал -- слова вясёлае. Яно -- асноўны атэістычны тэрмін, пры дапамозе якога савецкая прапаганда вяла барацьбу з рэлігійнасьцю. Кажуць, што слова цемрашал прыдумаў Кандрат Крапіва. Ён папросту гэніяльна скалькаваў расейскае "мракобес", дзе "мрак" -- "цемра", а ня "змрок", а "бес" -- "шал", а ня "бес".

Чаму слова ўзьнікла ў нашым стагодзьдзі -- ня ведаю. Ці то раней у Беларусі гэткай зьявы як цемрашальства не было, ці то зьява была, ды безназоўная.

Адразу пасьля нараджэньня тэрміну "царкоўнае цемрашальства" пашырылася на "сярэднявечнае", "фашыстоўскае", "ідэйнае" і "сэктанцкае".

Цемрашалы настойліва ўбівалі ў галовы сваіх ахвяр "несупраціўленьне злу, нянавісьць да зброі, сьвяшчэннасьць і непарушнасьць законаў сэкты" -- чытаем прыклад у тлумачальным пяцітамовіку беларускае мовы.

У розныя гады ХХ стагодзьдзя цемрашаламі ў Беларусі абвяшчаліся розныя людзі: цемрашал Будны, цемрашал Цяпінскі, цемрашал Сваяк. Усе яны былі рэлігійнымі дзеячамі ды працавалі на нашую культуру.

А вось рэлігійны дзяяч Сымон Полацкі, які шмат сілаў паклаў на культуру расейскую, цемрашалам не абвяшчаўся.

Для бальшыні адукаваных людзей слова цемрашал зразумелае, але ня страшнае. У ХХІ стагодзьдзі яно можа перайсьці ў шэрагі гумарыстычных -- калі толькі ў нас будзе сапраўдная свабода поглядаў і веравызнаньня.

А вось вясковыя бабулі на слова цемрашал хутчэй за ўсё недаўменна паціснуць плячыма -- маўляў, пра што гэта?

Сяржук Сокалаў-Воюш
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org