RFE/RL |
|
Слоўнік Свабоды
Хуліган
Слова хуліган першымі згадкамі назаўсёды зьвязанае зь дзяцінствам. "Ат, хуліган!" — ухвальна ківалі галавою дзядзькі, калі паўгадовы хлопчык пачынаў поўзаць, адразу парушаючы задуманы дарослымі маршрут. "Сярожа, не хулігань!" — казала бабуля на чарговае свавольства ўнука. Пасьля, калі да дзіцячай кампаніі наведваліся хуліганы з суседняга двара, слова патроху набывала тое нядобрае гучаньне, зь якім увайшло ў крымінальны кодэкс. Там яго падзялілі на дробнае хуліганства, проста хуліганства і злоснае хуліганства — з асобым, так бы мовіць, цынізмам. Сэнс слова расшыфроўваўся тут як грубае парушэньне грамадзкага парадку. Сёньня названыя артыкулы часьцяком інкрымінуюцца за справы палітычныя — за насьценныя антылукашэнкаўскія графіці, дэмантаж помніка сувораму акупанту або і проста за пікеты й дэманстрацыі. Такая практыка жыва нагадвае сталіншчыну 30-х гадоў. Паэт Антон Бялевіч ва ўспамінах распавядае пра рэдактара пухавіцкай раёнкі Панкратава, які ў раённым клюбе пачаў разам з усімі танцаваць. Далей цытата: "І раптам як бура ў клюб уварваўся першы сакратар райкаму партыі таварыш Хіжынкаў: — Фуліган! Наскочыў ён на Панкратава. — Ты не рэдактар, а фуліган! Ты аўтарытэт камуніста топчаш тут". Неўзабаве ў рэспубліканскай прэсе зьявіўся артыкул "Пухавіцкай газэтай кіруюць варожыя людзі!" Ішоў 36-ы год. Няцяжка здагадацца, што стала зь вясёлым рэдактарам. Літара "ф" у цытаваным "фулігане" наводзіць на думку, што ў беларускай мове ён зьявіўся адносна нядаўна. Напэўна, у расейскай таксама. Скажам, у слоўніку Бракгаўза хуліган фігуруе як запазычаны з ангельскай. А этымоляг Фасмэр удакладняе — слова паходзіць ад ірляндзкага прозьвішча Хуліган. Хто быў той ірляндзкі хуліган — цяжка сказаць. Энцыкляпэдыя Брытаніка называе нейкага Патрыка Хулігана, які ў 1898 годзе добра нахуліганіў у Лёндане. Выходзіць слова — раўналетак нашага стагодзьдзя. Што б там ні ўчыніў той бузацёр Патрык, а ягонае імя сёньня шырока гуляе па плянэце разам зь піўнымі і футбольнымі, паветранымі, вулічнымі і кампутарнымі, тэлефоннымі і фінансавымі, мясцовымі і заежджымі, айчыннымі й міжнароднымі і яшчэ Бог ведае якімі парушальнікамі грамадзкага спакою — хуліганамі. Сяргей Дубавец
|
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved. http://www.rferl.org |