RFE/RL |
|
Слоўнік Свабоды
Хартыя
Хартыя нясе з сабою дэкляратыўнасьць. Хартыя суадносіцца са словам грамата й паходзіць ад лацінскага charta, якое, у сваю чаргу, ад грэцкага chartion, што ёсьць памяншальнай формаю ад chartes, што азначае папера. Слова chartion у множным ліку і ёсьць хартыя, такім чынам, шмат паперак, ці дакумантаў. Першапачаткова хартыяй называлі старажытны рукапіс або матэрыял, на якім пісалі -- папірус ці пэргамант. У першых нашых летапісах ужо фігуравала гэтае слова -- хартыя. У сярэднявеччы слова хартыя азначала дакумант, грамату, якая давала або падцьвярджала правы або вольнасьці. Добра вядомая "Вялікая хартыя вольнасьцяў" -- грамата, паводле якой ангельскі кароль Джон Безьзямельны ў 1215 годзе змушаны быў прызнаць абмежаваньні каралеўскае ўлады на карысьць фэадальных баронаў. Ангельскі чартызм таксама ад хартыі. "Народная хартыя" -- гэта праграмны дакумант чартызму. Зь ёй ангельскія рабочыя ў сярэдзіне ХІХ стагодзьдзя патрабавалі дэмакратыі. У беларускі кантэкст ХХ стагодзьдзя слова хартыя прынесла хваля рэвалюцыяў. Слова хартыя займела патэтычны характар. Прыкладам, "хартыя Леніна". І, нават, паэтычны -- вось што пісаў беларускі паэт Мікола Хведаровіч: Раскрыты старонкі праўдзівых законаў,Але ня "ленінская хартыя" стала самай слыннаю ў ХХ стагодзьдзі. Найперш -- "Хартыя аб'яднаных нацыяў", заснаваная падчас канфэрэнцыі ААН у Сан-Францыска. Гэтая хартыя ўвайшла ў моц 24 кастрычніка 45-га году. "Хартыя-77" прапанавая ў сьнежні 76-га году і абвешчаная 1 студзеня 77-га. Гэта -- ініцыятыва чэска-славацкіх апазыцыянэраў. Яна набліжала канец камуністычнага рэжыму. "Хартыя-77" праіснавала да 1992 году, а рэжым "з чырвоным тварам" -- яшчэ даўжэй. Так у Эўропе паўстала яшчэ адная хартыя -- "Хартыя-97" у Беларусі. Дзейнічае, як грамадзкая ініцыятыва й дэкляруе незалежнасьць Беларусі й выкананьне правоў чалавека. "Хартыя-97" мае старонку ў інтэрнэце, ды прадстаўніцтва ў замежжы. І, як усе, пасьпяхова набліжае сьветлы дзень Бацькаўшчыны. Нашая "Хартыя-97" вельмі дэмакратычная -- там няма кіраўнічага бюро й дыскрымінацыі. Усе актывісты й актывісткі называюцца хартмэнамі. Вольга Караткевіч
|
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved. http://www.rferl.org |