RFE/RL |
|
Слоўнік Свабоды
Чарга.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы, між іншым, дае і такое значэньне слова "чарга": "група людзей, якія чакаюць атрыманьня чаго-небудзь у парадку чарговасьці ці разьмяшчаюцца адзін за адным". Гэта - агульнае вызначэньне чаргі, амаль нармальнае, але на працягу савецкай улады слова "чарга " мела сваеасаблівы сэнс. У слоўніку пра гэта падспудна вырвалася: "група людзей, якія чакаюць атрыманьня чаго-небудзь". Не "чаго-небудзь", а ўсяго, пачынаючы ад хлеба і солі, і канчаючы мейсцам на могілках! У савецкі час у чэргах нараджаліся, у чэргах паміралі. Прыкладам, адзін чалавек выстойваў чэргі, каб накупляць хоць трошкі гарэлкі на памінкі па жонцы. Чарга задушыла - сканаў сам да памінкаў. У чэргах выхоўваліся ў духу адданасьці ідэям. У чэргах раскашавалі саксоты - людзі казалі амаль усё, што думалі. ворганы бясьпекі давалі заданьне саксотам на распаўсюджваньне "патрэбных" чутак, плётак пра асобаў, якія не падпарадкоўваліся рэжыму. Да анэкдотаў часам даходзіла. Пытаецца той, хто толькі прыйшоў: "Хто апошні?". Абражаны "апошні" пярэчыць: "Я не апошні, я - крайні!". Хоць вядома, што "крайні" - той, хто з краю. Чарга была на ўсё: на кватэру, на стол, на тэлевізар, асабліва - на дэфіцыт. А дэфіцытам рабілася ўсё. Чаргу выручаў - "блат". Узгадваецца, як у менскім ЦУМе хлопчык румзаў: "Тата, купі!.. Тата, купі!.." Тата: "Не магу, няма". А малы ў адказ: "Тады купі "па блату"!". І не займалі толькі чаргу пленумы партыі, яны дзяліліся на "чарговыя" і "пазачарговыя". Людзям заставалася адно ўсьміхацца. "Чарга - як качарга, вырабі ўсё, што "нельга" і "льга". Савецкая чарга, як і тыя ідэі, стаіць на чарзе ў Беларусі. Чарга па яйкі, па масла, па малако. Жыве прымаўка: "Масла - пагасла, а малако паехала даляко". Чарга - за чарговым дэфіцытам. Рыгор Барадулін.
|
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved. http://www.rferl.org |