RFE/RL |
|
Слоўнік Свабоды
Хабар
Слова хабар паходзіць з усходніх моваў і з глыбіні стагоддзяў, калі зьбіралася даніна з заваяваных земляў. Але хабар у ХХ стагодзьдзі — гэта зусім не падаткі зь мінуўшчыны. Пляшка самагону брыгадзіру ад бабулькі, каб даў каня ўзараць соткі пад бульбу. Мех той самай бульбы ад брыгадзіра — начальніку рамонтнай майстэрні, каб па-за чаргой давёў да ладу трахтар. Скрыня каньяку ці зуброўкі начальніку маскоўскага глаўку ад менскага міністра, каб уключылі ў плян дабудову якога-небудзь прамысловага гіганта. У падобных выпадках хабар выглядаў спосабам выйсьці зь лябірынтаў сацыялістычнай эканомікі, адміністрацыйнай сыстэмы ці так званага «самага справядлівага правасудзьдзя». І ніхто ня кіне камень у маці, якая несла хабар пракурору, каб вызваліць засуджанага сына. Але было і інакш, і хабарам магла выступаць — дакладны факт — калекцыйная стрэльба за дзясяткі тысячаў рублёў, якую машэраўскі ЦК падараваў Леаніду Ільлічу Брэжневу на ягоны чатырохзорны юбілей. У апошнія пяць гадоў нашага стагодзьдзя ў хабару зьявілася слова-спадарожнік — такса. Любая паслуга — ціто паступленьне ў інстытут, ціто пазачарговае атрыманьне візавага штампіку ў пашпарце — мае свой дакладны грашовы эквівалент. Заўважана, што хабарніцтва буяе там, дзе ўлада начальства, а ня ўлада закону. Сяргей Навумчык
|
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved. http://www.rferl.org |