border RFE/RL border

БЕЛАРУСКАЯ СЛУЖБА РАДЫЁ СВАБОДА

Слоўнік Свабоды


БУСЕЛ

Бусел, буцян, служка пяруна, ногі ў пажары, сьвятая птушка ў беларусаў...

У тую хату ніколі ня ўдарыць пярун, якая на гарбе страхі нясе буслова гняздо.

На дрэве кладуць зьезджанае кола  - сымбаль руху і сонца, каб бусел лацьбаваў сабе гняздо, бусьлянку.

Паданьне распавядае, як Госпад даў чалавеку мех і сказаў занесьці ў пекла. І ддначасна не глядзець, што ў мяху. Чалавек, вядома, не ўтрываў і разьвязаў мех, нечысьць і распаўзлася па зямлі. За гэтую правіну госпад зрабіў цікаўнага чалавека буслом і ўзгадаў зьбіраць нечысьць. А каб хоць трошкі скрасіць ягонае жыцьцё, даручыў буслу прыносіць вясну, прылятаць на зьвіставаньне, на самае сьвятое сьвята, на якое сам бусел гняздо не ладзьбуе, а а дзяўчына касу ня чэша.

Малым тлумачылі, адкуль яны - іх бусел прынёс у капусту.

Бусел адчувае ліхалецьце, галодны год. Тады ён скідвае зь гнязда лішнія яйкі, каб не выводзіць дзяцей у галоднае жыцьцё.

Уладзімер Караткевіч назваў сваю выдатнейшую кнігу пра прошласьць і прышласьць Беларусі "Зямля пад белымі крыламі".

Дзеці нязлосна цьвеляцца з буслом: "Бусел-бусел-клекатун, схапіў жабу за каўтун, валачыў, валачыў, і ў балоце памачыў". Ці так: "Буцян, буцян, даўганосы, прапіў боты, а сам - босы".

У нас, на ўшацкай зямлі, каб бусел рабіў шырэйшыя кругі, падпявалі: "Буцян, буцян, накруці кола, дам курыцу на Міколу".

А цяпер мне часам гучыць рэклямна: "Буцян, буцян, круці кола, дам бутэльку "кока-колы"ю

Рыгор Барадулін.
 

© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org