RFE/RL |
|
Слоўнік Свабоды
Буракі.
У бураках ёсць цымус : у чырвоных - колер, у цукровых - слодыч. У бураках ёсць перспектыва - як станеш на пачатку калгаснай баразёнкі , то канец далёка-далёка. За буракамі - літаратурная традыцыя. "Дудка беларуская" Францішка Багушэвіча выйшла пад псеўданімам Мацей Бурачок. Бурак ежа сціплая і кампанейская : ён ніколі не бывае у цэнтры стала і сам па сабе: ён ці ў баршчы, ці ў вінэгрэце, ці "пад шубай". Зрэшты, слова гэтае рэдка ўжываецца у адзіночным ліку - хіба толькі у адпаведных прозвішчах. А так увесь час - буракі і буракі. У адрозненне ад бульбы, буракі асабліва не паддаліся механізаванаму вырошчванню і таму ўвасобілі у сабе увесь цяжар калгаснага прыгону. Калгасныя буракі дзялілі на дзялкі - на пачатку заўсёды доўгіх барознаў брыгадзір убіваў калкі з прозвішчамі калгаснікаў, не выключаючы і пенсіянераў. Тыя мусілі адбыць дзве праполкі, а часта - калі калгас ня меў іншай сілы - дагледзець да канца - выкапаць , пачысціць і пагрузіць на трактары. Не пайсці на буракі - было роўназначна бунту, ці адкрытай апазіцыі . Не апалоўшы буракі нельга было атрымаць сена, каня ці талонаў на цукар . Таму на буракі хадзілі да смерці . Чым больш старэла вёска - тым ніжэй сгіналіся постаці на бураковых палетках - пакуль урэшце самыя нямоглыя не станавіліся ў баразёнках на калені. Бурак - адно са словаў, якому удаецца амаль цалкам вынесніць з беларускага лексічнага поля свой іншамоўны адпаведнік. Нават на трасянцы мала хто кажа 'свекла' . А тыя, хто імкнецца перамагчы свой акцэнт, вынайшлі кампраміс: бурякі. Алена Ціхановіч.
|
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved. http://www.rferl.org |