RFE/RL |
|
Слоўнік Свабоды
Бульбаш
“Эй ты, бульбаш!” прамоўленае у твой адрас сяржантам-расейцам толькі ў першую хвіліну выклікала жаданьне адказаць крыўдніку, і толькі таму, што прамоўлена гэта было як дакор або абраза. Але зараз жа ты разумеў: Які там дакор, якая абраза! “Бульба”, “бульбіна”, “бульбянікі”- з лупінамі, з журам, з каплуном, з квасам, з капустай, з саладухай і яшчэ Бог ведае з чым былі традыцыйнай штодзённай ежай тваіх бацькоў. Па ўжывальнасьці гэтыя словы і сёньня спрачаюцца са словамі “хлеб” “маці”, “бацька”, “хата”. Слова “бульба” мае адзін-два сынонімы і сустракаецца амаль у кожным беларускім слоўніку. Ані ў водным беларускім слоўніку вы ня знойдзеце слова “бульбаш”. Вытворнае ад “бульбы”, яно сустрэлася толькі ў слоўніку “солдатского жаргона”, складзенага ўжо за савецкім часам. Беларускі прызыўнік з Бешанковічаў ці зь Лельчыцаў, выхаваны на бульбе, нес з сабой у СА пэўны культ гэтага клубню і “бульбяная” субкультура надзейна замацавалася ў “непабядзімай і легендарнай”, што апэратыўна адлюстроваў і армейскі фальклор. Пажыралі простыя расейскія «парні» тваю бульбу і называлі цябе «бульбашом». Сытуацыя, пры якой ўсялякі зварот да агульначалавечых каштоўнасьцяў выглядае недарэчным. Мы не крыўдзіліся. Але наступствы ў выглядзе нашых сэпаратысцкіх настрояў у тыя часы - нельга пераацаніць. “Бульбаш” – гэта тая мяжа, дэмаркацыйная лінія, якая назаўсёды падзяліла нас з “хахламі’, “маскалямі”, “лабусамі”, “пшэкамі”. Аднак войска і яднала. “Бульбаш”, твой “зёма”, “зямеля” – уся туга па дому і пяшчота да далёкіх родных і сваякоў разам выліваюцца на гэтага чалавека. Ён жывое сьведчаньне, што Беларусь не фантом, ён - жывы гварант твайго вяртаньня на радзіму, ён - слухач тваіх бясконцых успамінаў пра дом, якія дапамагаюць жыць і выжываць. Алег Лапцёнак.
|
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved. http://www.rferl.org |