RFE/RL |
|
Слоўнік Свабоды
Броня
Яшчэ й сёньня, не прыняўшы пакуль больш распаўсюджанага ў сьвеце слова “зарэзэрваваць”, нашы людзі просяць “забраніраваць” стол у рэстарацыі, нумар у гатэлі або квіткі ў партэр. Браніраваньне – значыць “замацаваньне каго-, чаго-небудзь, за кім-, чым-небудзь, а таксама дакумэнт на такое замацаваньне”. Тлумачэньне слоўніка нагадвае пра важныя рэаліі савецкага часу, дзе бронь або броня стаяла ў адным шэрагу са словамі “льгота” і “блат”. Напрыклад, броняй называлі спэцыяльнае пасьведчаньне на браніраваньне жыльлёвай плошчы. Браніраваным жыльлём, акрамя “загранкамандзіраваных” і “палярнікаў”, маглі пахваліцца толькі супрацоўнікі Ўсесаюзнага аб’яднаньня дзяржаўных цыркаў, якія падоўгу знаходзіліся на гастролях. Разам з нападам Гітлера на “маладую краіну Саветаў” вызначылася, што браніраваць можна ня толькі караблі і танкі, але і людзей. Бронь ад фронту выдаваў Наркамат абароны, і страх пазбавіцца тае броні прымушаў рабочых стаяць ля станкоў столькі, колькі патрабавала начальства. Але гэта ў Расеі. У акупаванай Беларусі савецкія людзі замест верагоднай броні атрымоўвалі накіраваньне на працы ў Нямеччыну або станавіліся жыхарамі гета. У Маскве пра гэта ведалі. Там жаданьне жыць зрабіла бронь часоў вайны прадметам гандлю і спэкуляцыяў. У газэтах 1944-45 гадоў зьяўляліся абвесткі інстытутаў пра прыём студэнтаў з наданьнем броні. Гэты прывілей замацаваўся за пэўнымі навучальнымі ўстановамі і пасьля вайны. І толькі празь дзесяцігодзьдзі, калі СССР уступіў у вайну ў Аўганістане, бронь са студэнтаў ВНУ пачалі здымаць. Бацькі разьвітваліся з сынамі, плачучы: “Барані цябе Божа!” “Барані Бог!” кажуць у нашым народзе дзеля засьцярогі. Гэткім простым зваротам беларускія людзі і сёньня просяць сабе той “броні” ў Пана Бога. Андрэй Лапцёнак
|
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved. http://www.rferl.org |