RFE/RL |
|
Слоўнік Свабоды
Брат.
Блізу сарака вытворных ад слова брат падае ў сваім слоўніку лексыкограф ХІХ стагодзьдзя Іван Насовіч, больш сарака – ягоны калега з ХХ-га Янка Станкевіч. І ўсёж, у ХХ стагодзьдзі найбольш пашыраным, апрача ўласна: брат – сын тых самых бацькоў, былі спалучэньні гэтага слова са словамі: родны, старэйшы, сярэдні, малодшы, стрыечны, малочны. Асаблівае мейсца ў гэтым пераліку займаюць старэйшы й малодшы, бо старэйшым лічыўся расейскі народ у дачыненьні да іншых народаў як у царскай, так і ў савецкай імпэрыі. Гэтай акалічнасьцю почасту апраўдываліся самыя розныя антызаконныя дзеяньні старэйшага брата ўв адносінах да іншых, маўляў, справа сямейная, а ў сям’і чаго толькі не бывае. Пры гэтым неяк забывалася, што й сем’і бываюць розныя… У гэтай сям’і малодшы беларускі брат меў адно вылучнае права – любіць старэйшага. Трымаючы прынцып раўнапраўя, старэйшы, у сваю чаргу, таксама меў адно права – быць любімым з боку малодшага. Але гэта прыйшло пазьней, а на пачатку ХХ стагодзьдзя старэйшы лічыў малодшага ўсяго толькі часткай самога сябе. Якая гэта была частка – гісторыя маўчыць, але тое што не галава – дакладна. Ды пакінем анатомію, пагатоў што старэйшы брат неўзабаве ўсё ж празнаў малодшага як асобны арганізм і адразу ўзяўся наводзіць парадк у ягонай хаце. Усё, ад перадзелу тэрыторяў і вынішчэньня нязгодных да прамываньня мазгоў, сьведчыла пра вялікі клопат старэйшага. Вынік быў ашаламляльны. Пабачыўшы малодшага брата-беларуса больш рускім чым самі рускія Нікіта Хрушчоў прадказаў, што і ў камунізм беларусы прыйдуць раней, чым іншыя. І ўсё ж, людзі добра разумелі сутнасьць савецкага братэрства народаў. Адсюль і жарт: Як будзем дзяліць, па-роўнаму, ці па-братэрску? З развалам Савецкага Саюзу ідэя старэйшага брата пацягнула за сабой падзел насельніцтва Беларусі на незалежнікаў і, скажам так – паднявольнікаў. Першыя сёньня ў апазыцыі, другія – пры ўладзе. У галапупай кашулі малодшага брата яны цягнуць ручаняты да старэйшага бэйбуса ў сьмяротныя, так званыя братнія абдымкі. Сяржук Сокалаў-Воюш
|
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved. http://www.rferl.org |