border RFE/RL border

БЕЛАРУСКАЯ СЛУЖБА РАДЫЁ СВАБОДА

Слоўнік Свабоды


БНР

БНР фармальна — абрэвіятура, але мы кажам пра яе менавіта як пра слова, якое з палітычнага тэрміну перайшло ў катэгорыю духоўную. 

Паводле дасьледнікаў, новая незалежная беларуская краіна была названая за прыкладам паўднёвых суседзяў, украінцаў, якія ў лістападзе 1917 году ўтварылі Ўкраінскую Народную Рэспубліку.  Адзначым, што Ўкраіна першай прызнала БНР як сувэрэнную дзяржаву, і менавіта ўкраінцы найбольш спрыялі беларускаму незалежніцкаму ўраду.

Пасьля вымушанай эміграцыі кіраўнікоў Рады Беларускай Народнай Рэспублікі БНР зьберагалася пакаленьнямі беларускай дыяспары як сымбаль веры ў адраджэньне Бацькаўшчыны.

Магчыма, некаторыя з тых тысячаў юнакоў ды дзяўчат, якія ў сакавіцкі дзень пад бел-чырвона-белымі сьцягамі выходзяць на вуліцы беларускіх гарадоў, не раскладуць абрэвіятуру па частках.  Але для ўсіх іх БНР — сымбаль волі, дэмакратыі, незалежнага ды заможнага жыцьця.  Сымбаль Эўропы.

Зрэшты, шмат хто перакананы, што слова БНР верне сабе канкрэтны палітычны сэнс, і менавіта гэтак будзе называцца Беларусь у трэцім тысячагодзьдзі.

Сяргей Навумчык
 

© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org