RFE/RL |
Блін
Блін. Ці ня ўсім беларусам адразу завінулася ў галаве: “прапахлая блінамі раніца сонцам коціцца ў хату”. І бліны, як тое сьвяціла Сонца, узыходзяць на стол урачыста і велічна. Бліны са шкваркамі, з вачастай яечняй, з грыбной поліўкай, са сьмятанай, з сочывам альбо мёдам. Бліны масьленічныя, вялікодныя, дзядоўскія і будзённыя, што надавалі дням сьвяточнасьць. І калядныя бліны ладныя. Здаецца мы вырасьлі на блінах, як тыя блінцы на дражджах. Здаецца нашыя пульхныя блінцы і тонкія як лісьціны, названыя ў народзе “божымі анучкамі”, насамрэч выклікаюць да Беларусі шчодрае сонца, рытуальна-абрадава прыцягваюць сьвятло й цяпло. А хто ж забудзецца пра слодыч і жар блінцоў з коласавае “Новае Зямлі”, якія зайздросна смакуе дзядзька Антось з гуртом малечы. А якія шыкоўныя бліны пеклі багі на Парнасе, зь якім гонарам падавала іх на стол цудная Геба? Далібог, варта разьбіцца ў блін, каб усмакавацца беларускімі блінамі. Уганараваныя ды аблашчаныя ўсенароднай любоўю, блінцы вяршаць разам з намі ды вялікім сонцам вечны кругазварот жыцьця. Гадуюць, мацуюць і жывяць Яе Вялікасьць Нацыю. З блінцамі лягчэй адольваюцца памінаньне і скруха. Блінцом найперш частуюць дух продка, а затым каштуюць у сям’і самі. Таму й кажуць спрадаўна – першы блін камяком, бо першы прапануецца роду, дзядам. Узяў сабе – засядзе камяком. Як позіркам кінуць у мінуласьць ды прышласьць, дык з блінамі перажываюцца і згуба і адчай. І жылося б нам, як блінцы пячэм – грацыёзна і складна. Каб… Каб не падступіла нястача памяці. Бліны яшчэ сяк-так гатуем і ямо, але не шануем іх магічнай абрадавай
сутнасьці. Цяпер што ні слова, дык лаюцца нашыя суграмадзяне найменьнем
нявіннага блінца. І гучыць паўсюль зьняважнае,
Вось-вось камяком у горле стане. Антаніна Хатэнка |
Радыё СВАБОДА |
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |