RFE/RL |
Бюст
Бюст па-француску – гэта грудзі. Адсюль і ў іншых эўрапейскіх мовах бюст азначае менавіта жаночыя грудзі й паясныя скульптурныя партрэты. У Беларусь гэтае слова патрапіла ў нашым стагодзьдзі з Расеі разам зь бюстамі расейскіх цароў. Напрыклад, Аляксандра Другога –“асвабадзіцеля”. Ягоныя бюсты стаялі ў Менску і Маглёве, у Шклове ды Бабруйску і, нават, у купалаўскіх Бяларучах, вёсачцы на Лагойшчыне. Але сапраўдны шал бюстызацыі пачаўся за бальшавікамі. Спачатку скінулі бюст цара й замянілі яго бюстам Карла Маркса з гіпсу. Яго ж беларусы й разьбілі першым, калі бальшавікі ўцяклі былі зь Менску. Калі ж яны вярнуліся, дык заставілі ўсю Беларусь бюстамі. Першым жа помнікам у паваенным Менску стаў бюст Дзяржынскага, які глядзеў на будоўлю гмаху КГБ. Пасьля пачалі ставіць бюсты на радзіме герояў: спачатку – вайны, пасьля – космасу й, нарэшце, – сацыялістычнай працы. Апошнім савецкім бюстам стаў помнік Грамыку, міністру замежных справаў СССР, у вёсцы Старыя Грамыкі, на Гомельшчыне. І цяпер гэтая самотная галава, прыпыленая радыяцыяй, сузірае на спусьцелую “радзіму героя”. І першым жа бюстам, скінутым пры незалежнасьці, стаў помнік Карла Маркса, што стаяў разам зь бюстам Леніна ля будынку былога ЦК. У сваім першародным сэнсе слова бюст прыйшло да нас у 80-я гады. Слова бюстгальтар, вывернутае на ўсялякія лады ў беларускім роце, было вядомае крыху раней, калі ім сталі замяняць уласныя станікі ды гарсэцікі. Але тое, што грудзі ў жанчынаў завуцца па-культурнаму бюстам, стала ведама люду паспалітаму зь “перастройкаю”. Кароткае замежнае слова эканоміць і час, і адчуваньні. Але й блытае. “Шыкоўны бюст! Прыгожы бюст!” – можна сказаць і пра гранітную халодную галаву й пра цёплыя пачуцьці. Аднак нават самы гарадзкі беларус усё ж ня скажа, што маці дае немаўлятку... бюст. Бо гэта слова, пазбаўленае цела. Сяргей Харэўскі
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |