border RFE/RL border

БЕЛАРУСКАЯ СЛУЖБА РАДЫЁ СВАБОДА

Слоўнік Свабоды


Беларушчына

Слова беларушчына нарадзілася ў ХХ стагодзьдзі. Гэта сучаснае слова. Хоць сама словаўтваральная мадэль вядомая ў нас здаўна. Яшчэ ў першай палове XVII ст. Ян Казімір Пашкевіч напісаў анталягічны вершык “Польшча квітнее лацінаю, Літва квітнее рушчызнаю”. Словамі такога кшталту называлі звычайна розныя зборныя зьявы – краіну, як у прыкладзе зь Нямеччынай ці Вугоршчынай або войска, як у выпадку з казаччынай ці рэкруччынай. Уласную радзіму або спадчыну беларусы называюць Бацькаўшчынай. У беларускай мінуўшчыне хаваецца наша старасьвеччына. Беларушчына ў гэтым шэрагу прыкладаў абазначае родную мову. “Чаго вам хочацца панове? Які вас выклікаў прымус забіць трывогу аб той мове, якой азваўся беларус?” – пісаў Янка Купала ў вершы “Ворагам беларушчыны”.

Згаданая словаўтваральная мадэль нейкі час адчувала на сабе моцны польскі ўплыў. Менавіта ў міжваенныя гады, за польскім часам, беларускія вёскі Татаршчына і Каралеўшчына сталі Татаршчызнай і Круляўшчызнай, як яны называюцца і сёньня. Што да беларушчыны, дык яна не перайначваецца на іншамоўны лад, бо існуе і можа існаваць толькі ў беларускай мове. Гэта наша з вамі ўнутранае слова, інтымнае.

Сяргей Дубавец
 

© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org