border RFE/RL border

БЕЛАРУСКАЯ СЛУЖБА РАДЫЁ СВАБОДА

Слоўнік Свабоды


Беларус

Калі ў мяне атрымліваецца завітаць у мястэчка Сьвіслач, дзе я нарадзіўся і сталеў, то бацька зазвычай сустракае мяне словамі: "Беларус прыехаў!"

Ён ня кажа: "сын", "пісьменьнік", урэшце -- "мянчук". Усё астатняе ня ёсьць для яго вартае ўвагі адметнасьцю раўнуючы з тым, што я -- беларус.

З гэтага вітаньня я трохі злуюся. І часта мне карціць запытацца: "А ты сам, што, зь неба зваліўся? Ці ж не такі ты самы беларус, як і я?" Але не пытаюся, бо разумею, што бацька мае рацыю.

Рэч у тым, што азначэньне "беларус" у нас найперш адсылае да палітычнага выбару чалавека, творчага амплуа, экзатычнае мовы, і з гэтага -- адметнага спосабу мысьленьня й ладу жыцьця. А толькі потым -- да нацыянальнае прыналежнасьці.

Быць беларусам у Беларусі -- гэта значыць сьвядома выключыць сябе з нормы й праз уласную волю выконваць для кагосьці ролю місыянэра, а для кагосьці -- блазна.

Нават сам зварот да беларускага слова ў Беларусі ёсьць адначасна й грамадзянскім учынкам, і эстэтычным актам.

Ва ўсім сьвеце людзі, размаўляючы на роднай мове, проста размаўляюць. У нас -- зусім інакш. Кожны раз, калі на людзях мы нешта кажам па-беларуску, то мы ня проста гамонім, а як бы ладзім мастацкі пэрфоманс ці несанкцыянаваную грамадзянскую акцыю...

Уласна, быць беларусам -- гэта штодня выконваць ролю беларуса ў бясконцым спэктаклі без пачатку й канца. Гэта -- жыць і памерці на сцэне.

Што й казаць -- незайздросная роля. Але чаму тады яе нехта выбірае ці, дакладней, чаму адзін беларус выбірае ролю-долю беларуса, а другі праз усё жыцьцё застаецца тутэйшым, усяго толькі шэраговым месьцічам нейкага селішча? Ня ведаю. Хаця й шмат пра гэта думаў, бо гэта было думаньне й пра ўласны лёс.

Бадай, урэшце я зразумеў толькі адное -- не мы выбіраем Беларусь, а Беларусь выбірае нас.

Валянцін Акудовіч
 

© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org