border RFE/RL border

БЕЛАРУСКАЯ СЛУЖБА РАДЫЁ СВАБОДА

Слоўнік Свабоды


Бел-чырвона-белы

Нацыянальныя колеры не выбіраюць.  Іх дае нам гісторыя.  Менавіта яна цягам стагодзьдзяў вызначае, якія барвы найбольш адпавядаюць сьветапогляду, спосабу жыцьця і стану душы таго ці іншага народу.

Якая б улада ні была ў Беларусі, які б дзяржаўны лад ні панаваў, якія б падзеі ні адбываліся на нашых абшарах, асноўнымі колерамі народных вышывак былі й застаюцца спалучэньні белага й чырвонага.  На гэтыя самыя колеры, паводле законаў геральдыкі, раскладаецца і наш нацыянальны герб «Пагоня».

Цікава, што й літаратура, незалежна ад палітычнай ці нацыянальнай арыентацыі аўтараў, поўніцца бела-чырвонымі спалучэньнямі:

«Чырвоная вясна павяла рашучы наступ.  Белая зіма здае свае пазыцыі» -- Крапіва; «Ішоў чырвоны ранак па сьвеце за акном» -- Куляшоў; «У сьветлай зале за чырвоны стол» -- Аўрамчык.  «Бела-чырвона-белае цела і кроў, гэта яно адвечнае: вера надзея любоў» -- сьпявае Андрэй Савелеў-Рымкевіч і працягвае гэтую колеравую лінію: хлеб і віно.

Кляўдыюш Дуж-Душэўскі, які на пачатку ХХ стагодзьдзя прапанаваў бел-чырвона-белы сьцяг у якасьці дзяржаўнага, меў на тое ўсе падставы.  Тады ж Краўцоў Макар напісаў тэкст гімну і ўпершыню ўжыў скарочаную першую частку словазлучэньня.  «Штандар наш бел-чырвона-белы», а ня бела-чырвона-белы, як таго патрабуюць законы мовы.

Напрыканцы стагодзьдзя, калі бел-чырвона-белы сьцяг вярнуўся ў актыўнае палітычнае жыцьцё Бацькаўшчыны, некаторыя мовазнаўцы спрабавалі абвінаваціць новых нацыяналістаў у няведаньні роднае мовы.  Яны нават не падазравалі, што бел-чырвона-белы -- гэта ўжо беларускі геральдычны тэрмін, а ў тэрмінаў, як і ў жыцьця, свае непарушныя законы.

Сяржук Сокалаў-Воюш
 

© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org