border RFE/RL border

БЕЛАРУСКАЯ СЛУЖБА РАДЫЁ СВАБОДА

Слоўнік Свабоды


База

Запазычанае расейцамі ад французаў слова база не прызнаваў яшчэ Ластоўскі і перакладаў яго цэлым шэрагам сынонімаў: аснова, апора, спод, астоя.  Няма гэтага слова ні ў Янкі Станкевіча, ні ў Некрашэвіча і Байкова.  І ўсё ж база нейкім чынам уплішчылася ў нашую мову, а з часам нават пачала адыгрываць у ёй не абы якую ролю.

«Трэба будзе вырашыць грандыёзныя задачы стварэньня матэрыяльна-тэхнічнай базы камунізму», - сказаў некалі галоўны беларускі камуніст Пётар Машэраў і павёў за сабой народ на рэалізацыю гэтай ідэі.  Як грыбы пасьля дажджу пачалі ўзьнікаць на Беларусі, так бы мовіць, «падбазкі» той матэрыяльна-тэхнічнай базы: сыравінная, кармавая, экспэрымэнтальная, паліграфічная, кніжная.  Нават артыкуляцыйная база была пастаўленая на рэйкі служэньня ідэі -- беларус мусіў ламаць язык на расейскі манер і заміж сьнега і песьні казаць песня, снег, або заміж звыклага для артыкуляцыйнай базы камунізму вымаўляць комунізм.

Тым часам народ абураўся капіталістычнымі ваеннымі базамі, якія пагражалі ягонай сацыялістычнай радзіме і пакрысе будаваў свае зь верай у тое, што савецкія боегалоўкі -- самыя гуманныя боегалоўкі ў сьвеце.

Аб'ектам шалёнай любові народу была спажывецкая база.  Яна мела дэфіцыт і ня ведала дэфіцыту.  Зубныя шчоткі, прасьціны, гарэлка, цьвікі, селядцы, каўбасы, кава...  Кожная рэч у краіне раз на калі зьнікала з крамаў, але была на базе.

Між тым, беларускія дыялектныя слоўнікі фіксуюць запазычанае зь цюркскіх моваў слова база, якое аніяк не зьвязанае з папярэднім.  Яно азначае зборачны пункт для жывёлы, або проста фарма.

Напрыканцы стагодзьдзя зьмены ў грамадзкім і палітычным жыцьці краіны зрабілі звыклымі паняцьці: база дадзеных і інфармацыйная база.

А ў нашай эміграцыі праз увесь гэты час была толькі адна БАЗА -- Беларуска-Амэрыканскае ЗАдзіночаньне, арганізацыя беларусаў у Паўночнай Амэрыцы.

Сяржук Сокалаў-Воюш
 

© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org