RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Слоўнік Свабоды


Балота

Здаўна з прадаўна жыве ў беларусаў аповед як ў багне-балоце вагні па начох сьвецяцца, запаленыя мітычным Балотнікам.

Здавён балота палохае і насьцярожвае. Аж да таго, што пагадзіліся людзі на асушэньне. Хацелі з дрыгвы сухімі вылезьці.

Але дрыгва -- не так сабе рэч выпадковая-часовая. Балота ў нас -- зьява моцна вызначальная.

Мы -- "людзі на балоце".

Дзе ж ня ступіш па Беларусі -- забалаці ды балаціны спаткаеш.

Балотная мы грамада, дрыгвяная. Бывае, закалыхаемся ў нейкім памкненьні... Ды зноў суцішымся, да супакою вернемся.

Устойлівасьць надта любім. У стаячай вадзе лілеяў чакаем. А вакол -- асака, твань ды застой.

Вось, вось -- сёньняшнія "людзі на балоце" -- зусім ня меляжэўскія пераўтваральнікі. Наасушаліся, ды зноўку ў сваю багну пашыліся. Дзе пустэльні паўтварылі -- там церпім рахмана. Дзе яшчэ купістая багна раскашуе -- звыкла пабойваемся...

Аднак, прыймаем. Аго, як прыймаем! Жытка нашая -- суцэльнае балота. Ні жывога дзеяньня, ні зруху, ні павароткі... Зачараванае пагойдваньне дрыгвы... дзе які вагеньчык міргане -- і згасьне ў няволі.

Нам, добра застаялым, і выбірацца боязна.

Балота напрыканцы стагодзьдзя -- гэта ўжо не балотная мэнтальнасьць палешука, што чэпка трымаецца свайго, жыве ў сваім адметным рытму. Балота цяпер -- на самрэч гнілая багна. Усё перажылося й згінула. Адно бурбалкі йдуць. Яшчэ ж дыхае нашае балота.

Антаніна Хатэнка
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org