RFE/RL |
|
Слоўнік Свабоды
Асфальт
Усё новае - добра забытае старое. Слова асфальт нашыя продкі ведалі яшчэ ў 12 стагодзьдзі. Яно прыйшло з грэцкай мовы і ў тагачасным перакладзе з Флавія азначала літаральна: перакуліцца, упасьці, а ў паняцьевым сэнсе: рэчыва, якое зьвязвае і захоўвае сьцены ад падзеньня. Тады слова асфальт у нашай мове не прыжылося. На ягоным месцы цьвёрда трымалася знаёмая і зразумелая будаўнічая рошчына. Асфальт вярнуўся да нас у 20 стагодзьдзі як тып дарожнага пакрыцьця. Экалягічна шкодны, ён так прыйшоўся даспадобы савецкім кіраўнікам, што тыя пачалі зьнішчаць калярытныя букаваныя вуліцы практычна па ўсёй Беларусі. Там, дзе езьдзілі ўрадавыя машыны - мусіў ляжаць асфальт. Кажуць, што кіраўнік беларускіх камуністых Пётр Машэраў вырашыў аднойчы наведаць месцы свайго партызанскага мінулага - Расоншчыну. У выніку, адмыслова для шаноўнага гасьця туды заасфальтавалі дарогу, а народ, ад гэткага падарунка, яшчэ больш пачаў шанаваць свайго правадыра. Доўгі час асфальт быў прывілеем вялікіх местаў. Зборнік вершаў Міхася Стральцова "Сена на асфальце", які выйшаў у 66-ым годзе, паказваў ужываньне вёскі (вяскоўца) у новую для яго стыхію. Вясковец перабіраўся ў места, а места цягнула свае асфальтавыя рукі да вёскі. Асфальтавыя аналітыкі кажуць пра тых, хто разважае пра вёску, але зусім яе няведае. Пысай аб асфальт - пра тых, да каго несправядліва была ўжытая ўладная сіла. У Беларусі гэты выраз ужываецца як у простым, так і ва ўскосным значэньнях. Асфальтавая хвароба - слэнгавая назва сінякоў і зьбітасьцяў, атрыманых пры падзеньні ў нецьвярозым стане. Некалі змежныя госьці былі ў захапленьні ад беларускіх асфальтавых трасаў. Цяпер стан асфальтавых дарог у Беларусі няспынна пагаршаецца. Калі працэс не спыніць, то ў 21 стагодзьдзе мы можам уехаць на гужавым транспарце. Зрэшты, гэта ня тычыцца тых месцаў, якія наведвае высокае начальства. Сяржук Сокалаў-Воюш
|
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved. http://www.rferl.org |