border RFE/RL border

БЕЛАРУСКАЯ СЛУЖБА РАДЫЁ СВАБОДА

Слоўнік Свабоды


Армія

Гістарычна, рэгулярнае ўзброенае фармаваньне ў Беларусі мае назоў  "войска". Такое слова сустракаем і ў Статуце Вялікага Княства Літоўскага, прынятым ў 16-м стагоддзі.

Што ж да слова "армія", дык яно ў 17-м стагоддзі выкарыстоўвалася ў польскай мове,  адтуль перайшло ў расейскую,  і толькі потым прыжылося ў нас.  Этымалагічны слоўнік пацьвярджае, што расейскі ўплыў ў 19-м стагоддзі спрыяў замацаваньню гэтага слова ў беларускай мове. Але ці ня больш  спрыялі гэтаму палітычныя рэаліі 20-га стагоддзя.

Чырвоная армія разам з атрадамі ЧК жорстка здушыла  антыбальшавіцкае паўстаньне пачатку 20-гадоў, якое прысягнула на вернасьць Радзе БНР  і увайшло ў гісторыю як Слуцкі  Збройны чын. З таго часу ў Беларусі пачаўся штогадовы набор -- ці, як яго называлі, прызыў -- у Чырвоную, а потым Савецкую армію.

Савецкая Армія стварыла аўтаномны асяродак з уласным побытам, звычкамі, ды нават фальклёрам. Армія лічылася школай жыцьця, прычым ейныя урокі былі далёкія ад ідэалаў гуманізму. Квітнела "дзедаўшчына" -- зьнявага маладых салдатаў тымі, хто ўжо адслужыў адзін год.

Аднак сярод навукі, якую падавалі "салагам"  "дзяды", была прымаўка, якая ў адаптаваным для эфіру выглядзе можа гучаць гэтак: "Служы, сынок, як дзед служыў, а дзед на службу  палажыў".  Адлыніць ад фіззарадкі, баявой падрыхтоўкі  ці працы ў сталоўцы  лічылася ў Савецкай Арміі верхам адвагі. Але яшчэ большую зайздрасьць выклікалі тыя, каму ўдалося "закасіць" ад арміі -- гэта значыць, з дапамогаю мэдычнай  даведкі пазьбегнуць прызыву.

Цікава, што ў сучаснай Беларусі слова "армія" ужо згубіла сваё значаньне як назоў буйнога вайсковага фармаваньня-- замест арміяў ды дывізіяў уведзеныя карпусы і брыгады.  Відаць, спрацавала калгасна-брыгадзірская мэнтальнасьць Вярхоўнага Галоўнакамандуючага.

Сяргей Навумчык 
 

© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org