RFE/RL |
|
Слоўнік Свабоды
Архіў.
Які юнак ці чалавек сталы, які любіць жыцьцё, змагаецца з сёньняшнімі праблемамі ці марыць пра будучыню, не папярхнецца ад быццам цалкам неядобнага, сухога, шаршава-мяртвячага слова архіў... Сэрца якога чалавека, які цікавіцца загадкамі жыцьця, думае пра будучыню, не адгукнецца ўсхваляваным бурным стукам, чые вочы не загарацца, у чыіх жылах не ўскіпіць кроў паляўнічага-продка пры ўрачыста-ганаровым, падобным на храм слове архіў! Салодка-салёны арахісавы смак, пах закансэрваванага часу, даўгія паліцы, поўныя тайнаў, сховішча спрэсаваных гадоў, дзе сьпіць як зачараваная царэўна наша мінуўшчына. Архівы БНР сталіся першай ахвярай бальшавіцкай палітыкі на Беларусі: засакрэчаная дзяржава, украдзеная памяць, замкнёнае ў вязьніцы спэцсховішчаў мінулае, якое ня стала будучыняй - пакуль ня стала. У архівах захаваная ня толькі мінуўшчына, але і прышласьць. Беларускія архівы раскіданыя па сталіцах суседніх дзяржаваў і недаступныя ў сваёй сталіцы: хто бачыў калі-небудзь поўны вопіс архіву ЧК-ГПУ-НКВД-КГБ. Нават у ХХ стагоддзі зь ягонымі сродкамі зьнішчэньня спаленае і разьвеянае, пахаванае і перапахаванае мінулае ўсё ж хоць адным атамам ды не зьнікае. Напісанае застаецца. Архівы бесьсьмяротныя. Вечная памяць. Памяць -- вечная. Аляксандар Лукашук.
|
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved. http://www.rferl.org |