RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Слоўнік Свабоды


Архіпелаг

Раней слова архіпелаг для беларусаў нічым не адрозьнівалася ад іншых экзатычных словаў. Больш свойскім яно зрабілася пасьля выхаду кнігі Аляксандра Салжаніцына "Архіпелаг ГУЛАГ", бо ў канцэнтрацыйных лягерох, раскіданых па ўсёй бальшавіцкай імпэрыі, адпакутвалі і загінулі дзясяткі, калі ня сотні, тысячаў нашых землякоў.

Але апошнім часам мэтафара архіпелагу ўсё часьцей ужываецца для абазначэньня Беларусі, як цэлага. І ня без дай прычыны.

На палітычнай мапе Эўропы Рэспубліка Беларусь замаляваная аднастайнай фарбаю. Аднак, калі б нехта паспрабаваў на агульным полі нашай дзяржавы пазначыць адметным колерам тыя мейсцы, дзе заўважана прысутнічаюць беларуская мова, беларуская культура, урэшце, проста любоў да краіны Беларусь, то мы мелі б зусім іншы малюнак. тады б мы ўбачылі нешта накшталт архіпелагу.

У нутры дзяржаўных межаў паасобку ці групамі раскіданыя астравы і аўстраўкі беларушчыны. А ўсё астатняе -- неабсяжнае мора расейшчыны.

На самрэч, мы, быццам якія палінэзійцы, жывем на выспах архіпелагу і самотна выглядваем адзін аднаго на даляглядзе.

Бадай, адзінае, што рэальна зьвязвае нас між сабой -- дык гэта беларуская кніга, часопіс, газэта. Толькі на прасторы беларускага тэксту мы можам сустрэцца разам. І тым самым пераадолець усё, што нас разьяднала -- ад каляніяльнай спадчыны да зрусіфікаванай гісторыі.

Але ў эпоху сродкаў электроннае камунікацыі для архаічнага тэксту ўжо амаль не засталося мейсца.

А хвалі расейшчыны ўздымаюцца ўсё вышэй і вышэй... І пакрысе становіцца зразумелым, што беларушчыну калі што й выратуе, то гэта магутны землятрус. Бо толькі тэктанічным зрухам пад сілу зьяднаць архіпелаг у мацярык.

Валянцін Акудовіч
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org