RFE/RL |
Архэоляг
Слова архэоляг паходзіць ад грэцкага "архаэос", што значыць "старажытны". Слоўнікі сьцьвярджаюць, што архэоляг, гэта навуковец, які вывучае быт і культуру старажытных народаў па матэрыяльных помніках, знойдзеных пад час раскопкаў. Магчыма, для ўсяго астатняга сьвету такое азначэньне й можа лічыцца вычарпальным, але толькі не для Беларусі. З часоў заснавальнікаў айчыннае навуковае архэалёгіі братоў Яўстаха ды Канстантына Тышкевічаў беларускія архэолягі ня толькі займаліся раскопкамі ды друкавалі сухія акадэмічныя справаздачы... Яны адчынялі музэі, засноўвалі грамадзкія камітэты, стваралі мастацкія творы, цярпелі ад рэпрэсіяў. Пасіянарнасьць нашых архэолягаў яскрава выявілася ў часы найноўшае гісторыі Беларусі. Дый сам гэты пэрыяд адкрылі архэолягі. Праўда гэтае адкрыцьцё цяжка залічыць у разрад чыста архэалягічных... Бо Зянон Пазьняк знайшоў у Курапатах не старажытную цывілізацыю, а матэрыяльныя помнікі эпохі, якая на беларускім абшары не канула ў Лету, а небясьпечна агрызаецца як недабіты зьвер. Непараўнальна болей, чым на раскопках, беларускія архэолягі зрабілі й робяць для краіны па-за межамі сваёй навуковай спэцыялізацыі. Напрыканцы ХХ стагодзьдзя архэолягі ствараюць палітычныя партыі, парлямэнцкія фракцыі -- як Зянон Пазьняк і Міхась Ткачоў, пішуць школьныя падручнік й гістарычныя аповесьці -- як Георгі Штыхаў і Міхась Чарняўскі, узначальваюць Таварыства Беларускае Мовы -- як Алег Трусаў, і засноўваюць незалежныя часопісы -- як Генадзь Сагановіч. Ня дзіва, што сёньняшнім уладам штосьці крамольнае чуецца ўжо ў самім слове архэоляг. Ці не таму ніяк ня можа пабачыць сьвет кніга аднаго вядомага беларускага паэта, якую ён неабачліва вырашыў назваць "Архэалёгія душы". У архэалёгіі ёсьць такое паняцьце -- культурны пласт. Стварэньне культурнага пласту незалежнае Беларусі немагчыма ўявіць бяз нашых архэолягаў. Уладзімер Арлоў
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |