RFE/RL |
АМОН
Абрэвіятуры – справа няўдзячная і нясмачная. Ад пачатку году была ў нашых плянах абрэвіятура АМОН, і ніводны аўтар не пагадзіўся пра яе напісаць. “БНР” напісалі, нават “ЦК” напісалі, а вось “АМОН” – не. Гэта відаць таму, што скарачэньне ня толькі чужое, а й ненавіснае. Атрад Міліцыі Особого Назначэнія, які мусіў бы выклікаць у народа пачуцьці абароненасьці, упэўненасьці і спакою, выклікае нешта наўпрост процілеглае. Асацыятыўна АМОН зьвязаны са словамі манкурт, зомбі, дубінка, разгон, зачыстка, катаваньне, зьдзек. Спробы перакласьці АМОН на беларускую мову як АМАП прыжыліся, але ненадоўга. Цяжка назваць такіх беларусаў беларускім складанаскарочаным словам. Зь цяжкасьцю прымае нашая сьвядомасьць факт, што мы можам быць са сваім народам і такімі. Рыба гніе з галавы. Вось жа АМОН і ёсьць у гэтай гнілой галавы – жабрамі, або шчэлепамі. Ён дае магчымасьць галаве дыхаць і лічыцца галавой. Безаблічны, схаваны за шчытамі й маскамі АМОН усё ж складаецца з канкрэтных людзей. Як дзіўна, што ў іх ёсьць бацькі, каханыя і сябры. І як дзіўна, што ў некага ёсьць сын, каханы ці сябра – АМОНавец. Мой сын – АМОНавец, мой каханы – АМОНавец. Гучыць зусім не па-беларуску. Паэта, які наважыцца шукаць да слова АМОН дакладнай рыфмы, найперш сутыкнецца ня толькі з сугучнымі, а й з цалкам адмаведнымі АМОНу словамі: шмон і гамон. Сяржук Сокалаў-Воюш
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |