RFE/RL |
|
Слоўнік Свабоды
Амністыя
Слова амністыя паходзіць са старагрэцкай мовы, дзе яно азначала "дараваньне". У юрыдычным сэнсе амністыя прымяняецца да нейкіх групаў асуджаных і абвяшчаецца, як правіла, найвышэйшаю ўладаю - манархам, прэзыдэнтам, парлямэнтам. Звычайна амністыя прымеркаваная да нейкай падзеі ці да юбілею - у краінах з манархічным ладам гэта можа быць нараджэньне нашчадка трону альбо ягонае вясельле. У Злучаных Штатах, да прыкладу - юбілей прыняцьця Канстытуцыі. У Савецкім Саюзе амністыя гэтаксама абвяшчалася з нагоды юбілеяў - 50-, 60- або 70-годзьдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі. Напярэдадні гэтых сьвятаў родныя асуджаных уважліва праглядалі газэты - інфармацыя пра амністыю зьмяшчалася ў самым непрыкметным мейсцы. Самая масавая амністыя савецкіх часоў зьвязаная зь імем Бэрыі - пасьля сьмерці Сталіна ён выпусьціў на волю дзясяткі тысячаў крымінальных злачынцаў, большасьць зь якіх адразу ж вярнулася на свае "маліны". Пры гэтым мільёны палітычных зьняволеных засталіся паміраць у ГУЛАГу. У сучасную беларускую гісторыю слова "амністыя" ўвойдзе ў сувязі са зьняволеньнем Аляксея Шыдлоўскага - пасьля знаходжаньня за кратамі яго амніставалі за два дні да сканчэньня паўтарагадовага тэрміну. Тым самым улада пакінула за сабой права на працягу 10 гадоў зноў кінуць яго за краты. У Беларусі канца ХХ стагодзьдзя рэпрэсіўны зьмест укладаецца нават у словы, якія атаясамліваюцца з гуманнасьцю. Сяргей Навумчык
|
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved. http://www.rferl.org |