RFE/RL |
|
Слоўнік Свабоды
Акцябронак.
Акцябронак - гэта адгалосак кастрычніцкага перавароту 1917 году. Сам пераварот дазвалялася перакладаць як "кастрычніцкая", з эпітэтам "вялікая" рэвалюцыя. А ўсе вытворныя словы бязглузда калькаваліся. Адсуль - і акцябронак. Шануючы мову, хоць бы "акцябраня" ўжывалася. Праўда, "кастрачыня" нечым з "кастратам" перагукваецца. Але бальшавікам закон быў ня пісаны. І, да прыкладу, прыгожае мястэчка Рудабелка стала Акцяб-б-р-р-р. Хто такія акцябраты? Гэта вучні малодшых клясаў, якія рыхтаваліся стаць чырвонагальстучнымі, а пкуль насілі пяцікутную зорку з хэрувімнай выяваю Леніна ў маленстве. Акцябратаў называлі ўнучанятамі Леніна, хоць сам правадыр сусьветных пралетароў ніколі дзяцей ня меў - ня даў Бог. Ды ў савецкай ідэялёгіі ўсё было абленіна, абільлічана. Дзіцячы часопіс сёняшняя "Бярозка" называўся "Іскры Ільліча". Гэтак гарэў Ільліч, што толькі іскры сыпаліся. Зноў жа, форма Ільліч - не беларуская, і на слых чуецца - "і лыч", "і лыча". Але партыйнае, хай сабе і беларускае вуха, не магло і ў жахотным сьне пачуць такое. Ды і воку страшна было глядзець, калі слова Ільліч набіралася вялікімі літарамі, і над ім слова не стаяла. Акцябратаў выхоўвалі ў прасавецкім духу, абагаўляючы Леніна. Неяк мая маленькая дачушка ілона прыйшла са школы ( а ў школах у акцябраты заганялі статкава), маці ёй падае есьці, яна - "Ня буду! Ленін нічога ня еў! Ён дзецям усё аддаваў! Так нам настаўніца казала". У Беларусі, як у запаведнай савецкай зоне, ёсьць свая піянэрская арганізацыя. Відаць, народзяцца і акцябраты. Рыгор Барадулін
|
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved. http://www.rferl.org |