border RFE/RL border

БЕЛАРУСКАЯ СЛУЖБА РАДЫЁ СВАБОДА

Слоўнік Свабоды


Агітацыя

Ці не выклікае ў вас слова агітацыя асацыяцыю са словам агіда?

У беларускую мову агітацыя прыйшла з лацінскага agitatio, што азначае «прывядзеньне ў рух».  У жыцьцё і мову гэтае слова шырока ўвайшло толькі ў савецкія часы, якія паняцьцю агітацыя надалі нэгатыўна-ідэалягічны сэнс.  Камуністычная агітацыя, масавая агітацыя, наглядная агітацыя.  Гэткае самае адмоўнае стаўленьне знайшло сваё адлюстраваньне і ў гутарковай мове: «Што ты мяне агітуеш?» «Яшчэ тут агітатар знайшоўся...» і нават «Агітуй не агітуй...»

А новаўтварэньні якія красамоўныя!  Агіткалектыў, агітплякат, агітка, агітпроп.  Калі нехта забыў значэньне апошняга слова, то гэта скарочаная назва аддзелаў агітацыі і прапаганды пры ЦК ВКПб.  І цяпер агітпропам называюць любое выданьне, якое займаецца агітацыяй і прапагандай, а не інфармаваньнем і аналітыкай.  Зрэшты, тыя, каму выпаў гонар альбо няшчасьце вучыцца на факультэце журналістыкі, відаць, на ўсё жыцьцё запомняць цытату Леніна: «Газэта - ня толькі калектыўны прапагандыст і калектыўны агітатар, але таксама і калектыўны арганізатар».

Агітаваць - гэта зусім ня тое, што пераконваць, упэўніваць, даказваць.  У гэтым слове адразу адчуваецца нейкая нераўнапраўнасьць удзельнікаў, суб'ектнасьць адных і падпарадкаванасьць, аб'ектнасьць іншых.  Агітатар - чалавек, перад якім ня хочацца адчыняць дзьверы свайго дома.

Віталь Цыганкоў
 

© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org