RFE/RL |
|
Слоўнік Свабоды
Адгазьнік
Слова aдгазьнік нарадзілася пару гадоў таму ў нашай рэдакцыі як адпаведнік слову працівагаз, якое па-беларуску можа гучаць яшчэ ў формах процігаз і супрацьгаз. Прынамсі апошняе фігуравала на старонках bеларускіх раёнак напрыканцы 20-40-ых гадоў, калі папярэднік ДТСААФу - АСАВІЯХІМ (Таварыства садзеяньня абароне, авіяцыйнаму і хімічнаму будаўніцтву) вяло сярод насельніцтва актыўную працу ў справе самаабароны ад магчымага зьнешняга агрэсарa. Менавіта тады модна было адрапартаваць, што ў такім і такім калгасе працоўная брыгада і конь паўгадзіны адшчыравалі на полі ў супрацьгазах. Першы вугальны адгазьнік быў створаны ў 1916 годзе акадэмікам Мікалаем Зялінскім. Адкрыцьцё было пакліканае тым, што 24 красавіка 1915 году ў бітве пры Іпры ў Бэльгіі нямецкае войска ўпершыню ў гісторыі ўжыло атрутны газ у якасьці зброі. Некаторыя гісторыкі цьвердзяць, што ў часы Першай сусьветнай вайны газавыя атакі былі і на тэрыторыі Беларусі. Недзе ў 70-ых у горадзе вялікай нафтахіміі Наваполацку хадзілі чуткі, што насельніцтву, на ўсялякі выпадак, раздадуць адгазьнікі. Чуткі хадзілі - адгазьнікаў не давалі. Напэўна баяліся, што «народныя ўмельцы» прыстасуюць гэтую рэч пад іншыя патрэбы, скажам, будуць у іх апырскваць сад альбо бяліць хату. Зрабілі ж тамтэйшыя вудалі з адгазьніцкай торбы валізку для ежы і сваіх рыбацкіх прыладаў. Прыдумала ж міліцыя форму катаваньняў - «слонік», калі адгазьнік надзяваюць на твар затрыманага і пераціскаюць кіслародную трубку. Адгазьнік - адзін з элемэнтаў экіпіроўкі вайскоўцаў. Каманда «газы», пры якой кожны шараговец павінен адразу нацягнуць на сябе гэтую рэч, гучала ў войску дзе заўгодна: у сталоўцы, у клюбе і нават у прыбіральні. Сяржук Сокалаў-Воюш
|
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved. http://www.rferl.org |