RFE/RL |
|
Слоўнік Свабоды
Аблігацыя
Тонкія далікатныя паперыны шырынёю з даланю бабуля загортвала ў кужэльны бялюткі лахман і клала на таемнае дно куфра. Туды, дзе яна хавала фотакарткі сыноў, што згінулі ў войнах і хатулёк з апранкаю, якую звала сьмяртэльнай. Да куфра не даступіцца -- там жывуць лёс і надзея. Ключ ад маленькага кулачка-замочка бабуля носіць запазухай, нанізаным на адную ніціну з крыжыкам. Час ад часу яна адмыкае ў цішыні сваю скарбніцу, дастае пацьмянелыя здымкі й невідушча ўглядаецца ў мінуласьць. Затым, быццам для раўнавагі, выцягвае зь цёмнага закутку перацяты паўразом скрутак і замілавана разгладжвае зяленавата-шэрыя паперы, падобныя да грошай. Усьміхаецца, распавядае, як будзе хораша, калі нехта добры й праўдзівы верне ёй пазыкі, ды яшчэ й зь ліхвою. І ўсе спадзяваньні вось на гэтыя тонкія, здецца -- хрусткія, лісьціны, што сымбалізуюць праведнасьць дзяржавы. Доўга зьберагаліся ў хаце аблігацыі калі бабуля ўжо была высока, над сваімі спадзевамі. Ейная праўнучка дала скурчаным у трубачку паперам сваё назьвіста -- абылгацыі. І пусьціла іх аднойчы на вецер -- палётаць. Вырваўшыся на волю, яны ўздымаліся й замаруджана падалі. Няспраўджаныя мары, нязбытная вера. Недачаканая адплата. Папяровы заём людзкога даверу. Абылгацыі. Антаніна Хатэнка
|
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved. http://www.rferl.org |