RFE/RL |
|
Слоўнік Свабоды
БОГ
Слоўнік Свабоды зусім нетрадыцыйна для Беларусі ХХ стагодзьзя пачнем з Бога. Бог – слова сваё, спрадвечнае, з тых часоў калі людзі ў нас пачалі адчуваць сябе людзьмі – стварэньнямі Божымі. Амаль аднолькава гучыць гэтае слова ва ўсіх славянскіх мовах. Але расейцы так і ня здолелі яго прызвычаіць да сваёй мовы і дагэтуль вымаўляюць яго па-беларуску: Бог. Божа, Божухна, Божанька, Божачка, – зьвярталіся да Яго спрадвеку нашыя людзі. Бог — бацька, казалі з пашанай. Бог даў — калі шчасьціла ў жыцьці.
На Божай пасьцелі ляжыць той, хто канчае дні свае, аж пакуль ня скажуць: «Бог узяў». У гэтым стагодзьдзі Беларусь разыйшлася з Богам, пачаўшы нават пісаць гэтае слова з малой літары. За гэта даводзіцца дорага плаціць. «На Беларусі Бог жыве», – сказаў Караткевіч. Нам яшчэ давядзецца дарастаць да гэтай надзеі паэта. На канец нагадаю амаль забытае ў Беларусі сьветлае й шчырае разьвітаньне: з Богам! Сяргей Шупа
|
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved. http://www.rferl.org |