|
Вашая праўда, маеце рацыю, слушна робіце |
|
|
Юрась Бушлякоў, Менск |
|
Як, якімі словамі прызнаем правільнасьць нейчых меркаваньняў або дзеяньняў? Нашая мова мае ў гэтым выпадку свае традыцыйныя сродкі. Найперш гэта спалучэньні прыналежнага займеньніка з словам праўда: твая праўда, ваша(я) праўда, яго(ная) праўда, яе праўда. “Твая праўда, гаспадару, павінна быць чыя-небудзь адна воля…” – чытаем у прозе Якуба Коласа. Паралельна з названымі спалучэньнямі і ў тым самым значэньні шырока ўжываецца ў мове фразэма мець рацыю. Нехта правільна думае, гаворыць – тым самым мае рацыю. Назоўнік рацыя – лацінскага паходжаньня (ад ratio ‘розум’). Гэтае слова, дарэчы, прыдатнае ня толькі ў зьвязцы зь дзеясловам мець. Рацыя – падстава для нечага, угрунтаваная прычына, сэнс, слушнасьць. “Бяз жаднай з маёй стараны рацыі напаў на мяне”, – гэтым сказам ужываньне назоўніка рацыя ілюструецца ў слоўніку Івана Насовіча.
Прызнаючы правільнасьць некага ў нечым, часта можам яшчэ канкрэтызаваць дзеяньне: ня проста Вашая праўда ці маеце рацыю, а, прыкладам, слушна робіце, слушна кажаце, правільна робіце, праўду кажаце й г.д. Толькі ні ў якім разе не Вы правы ці ён праў – няма ніякай патрэбы пераносіць такія расійскія формы ў літаратурнае беларускае маўленьне. Выпадковы, збыткоўны ў нашай мове й русіцызм правата на месцы традыцыйных беларускіх праўды, слушнасьці, справядлівасьці, правільнасьці, невінаватасьці. Па-беларуску гаворым пра справядлівасьць ідэі, правільнасьць мэты, слушнасьць меркаваньняў, невінаватасьць падсуднага, трыюмф праўды. |
|
|
|
|