news programs realaudio contact archive
      Выбары 2001
    Праскі акцэнт
    Эканоміка
    Правы чалавека
    Міжнародны аддзел
    Рэгіёны

      На доўгім шляху
    Выкраданьне
    Беларусі

    Gaudeamus
    Мэдыі
    Ёнас, Яніс, Янка...
    Беларускі Iнтэрнэт
    Суайчыньнікі
    У сьвет на заробкі
    Карлаў мост

    Вострая брама
    Беларуская
    Aтлянтыда

    Вольная студыя
    Шматмоўе ў ХХІ ст.
    Залаты фонд

      Сымбаль веры
    Агляд пошты
    Дазвол на выезд
    Здароўе
    Спорт
    Галерэя "Свабоды"

  


    Час і Хвалі
    Realaudio


    RFE/RL Newsline
    Weekday Magazine
    PBU Report
    RFE/RL Homepage
    Reprints



14 Студзеня 2001
 
Домаш: "Умею трымаць удар"
У нашай праграме:
— аматар сілавых відаў спорту Сямён Домаш заяўляе, што ён умее трымаць удар,
— чаму сусьветныя зоркі не прыехалі на Адкрыты кубак Беларусі па мастацкай гімнастыцы.
 
Віталь Цыганкоў
 
(Цыганкоў: ) "Я перакананы, што стаўленьне чалавека да спорту шмат чаго кажа пра характар ды індывідуальнасьць гэтага чалавека. Менавіта раскрыцьцё палітычнага дзеяча з гэтага боку — асноўная мэтай традыцыйнай рубрыкі «Заўзятар», якая таксама завецца «палітык пра спорт».

Сёньня размова пра спорт і палітыку зь Сямёнам Домашам, кіраўніком асацыяцыі «Рэгіянальная ініцыятыва». Першае пытаньне дастаткова традыцыйнае — якімі відамі спорту вы займаліся, што ўвогуле спорт у вашым жыцьці?"

(Домаш: ) "Калісьці ў маладосьці я сур'ёзна займаўся боксам. Быў кандыдатам на майстра спорту па боксу. Потым быў невялікі перапынак, пасьля колькі гадоў займаўся каратэ. Пазьней, калі ўжо працаваў, асабліва на кіраўнічых пасадах, такой магчымасьці займацца спортам не было, таму больш за дзесяць гадоў я бегаў.

Гадоў дзесяць таму пачаў наведваць спартовую залю, займацца атлетычнай гімнастыкай. Раблю гэта й зараз. Я лічу, што людзі, якія не працуюць фізычна, мусяць займацца спортам ці фізычнай культурай. Улады й кіраўнікі прадпрыемстваў павінны ствараць дзеля гэтага пэўныя ўмовы, каб гэта былі масавыя заняткі ўсіх працоўных людзей".

(Цыганкоў: ) "Вы маеце схільнасьць да сілавых відаў спорту: каратэ, бокс, атлетычная гімнастыка. Ці сьведчыць гэта пра ваш характар, пра вашы чалавечыя якасьці?"

(Домаш: ) "Я думаю, так. Я заўжды працаваў і ставіў сабе мэты. Калі трэба было пераадольваць вялікія цяжкасьці, усё адно свайго дамагаўся. Магчыма, фізычныя трэніроўкі давалі й сілу волі".

(Цыганкоў: ) "Часта ў людзей, што займаліся боксам ці каратэ, пытаюцца: ці даводзілася вам удзельнічаць у вулічных бойках, прыкладам, калі на вас нападалі хуліганы? Ці даводзілася вам паказваць свае ўменьне, майстэрства ў жыцьцёвых сытуацыях?"

(Домаш: ) "У маладосьці бывала й такое. Ня буду ўдакладняць, але такое здаралася.

Самае ж галоўнае, што людзі, якія займаюцца гэткімі відамі спорту, ніколі не выкарыстоўваюць сваё майстэрства дзеля агрэсіі. Такое правіла жыцьця. А калі трэба бараніцца — то гэта можна выкарыстаць".

(Цыганкоў: ) "Палітыкам, якія ўдзельнічаюць у праграме «Заўзятар», я звычайна задаю пытаньне: «Калі б вы зрабіліся кіраўніком дзяржавы, калі б мелі магчымасьць вырашаць, — якую б праграму разьвіцьця спорту прапанавалі? Якімі б былі ў Беларусі дачыненьні дзяржавы й спорту?"

(Домаш: ) "Па-першае, я заўсёды адмоўна ставіўся (ды й зараз адмоўна стаўлюся) да кіраўнікоў, асабліва кіраўнікоў дзяржавы, якія выкарыстоўваюць свае заняткі спортам як самарэкляму. Мне падабаецца, калі кіраўнік імкнецца, каб ягоны лад жыцьця, ягоныя заняткі спортам, фізычнай культурай пераймалі падначаленыя. Калі кіраўнік імкнецца зацікавіць людзей фізычнай культурай і спортам.

Калі я працаваў кіраўніком прадпрыемства «Гарадзенскі аўтакамбінат № 1» (цяпер "Грузавы аўтапарк № 1"), дык цягам пяці гадоў у нас была традыцыя, якая дагэтуль захавалася. Мы ладзілі спартовыя мерапрыемствы, спаборніцтвы паміж падразьдзяленьнямі ў гэткіх масавых відах спорту як футбол, валейбол. А найгалоўнае, ладзілі спартовыя сьвяты для ўсяго калектыву: вясной і ўлетку — кросы, а ўзімку — лыжы".

(Цыганкоў: ) "Вы мярукеце, дзяржава найперш павінна зьвяртаць увагу на масавы спорт, спорт для здароўя, а ня спорт для выбраных?"

(Домаш: ) "Адназначна. Я думаю, што найперш трэба клапаціцца, каб нашы людзі больш займаліся фізычнай культурай і спортам. Ня кожны можа займацца спортам. Трэба мець адпаведнае здароўе, жаданьне й мэты, якія чалавек сабе вызначае.

А вось фізычная культура, я лічу, павінна быць масавай. Дзяржава мусіць стварыць умовы для заняткаў тымі ейнымі відамі, якія сёньня не патрабуюць значных сродкаў, каб прыцягнуць людзей да заняткаў спортам. Тое, што робіцца ў нас зараз — пабудова лядовых палацаў, якраз гэтай праблемы ня вырашыць, бо гэта дзейнасьць не прыцягвае большасьці да спорту".

(Цыганкоў: ) "Вяртаючыся зноў да размовы пра тыя віды спорту, якімі вы займаліся. Ці навучыў вас спорт "трымаць удар"?"

(Домаш: ) "Апошнія гады майго жыцьця якраз пра гэта сьведчаць. І я кажу сабе й свайму атачэньню, што калі б я не займаўся раней ды й цяпер спортам, можа, ня вытрымаў бы ўсяго, што давялося вытрымаць гэтымі гадамі.

Я думаю, што й надалей мне стане моцы трымаць і вытрымаць любы удар".


***

(Цыганкоў: ) "Адкрыты кубак Беларусі па мастацкай гімнастыцы пад эгідай гандлёвай маркі «Галіна Блянка» больш вядомы сваёй заключнай часткай — шоў зорак міжнароднай велічыні, якое адбываецца сёньня, 14 студзеня.

Трэці розыгрыш Кубку сёлета ледзь ня стаў апошнім. Ажно да пачатку мерапрыемства заставалася няпэўным ягонае фінансаваньне. Гандлёвая марка «Галіна Блянка», што раней два гады запар інвэставала спаборніцтвы, аказалася недастаткова платаздольнай. З-за нястачы належнага фінансаваньня «зорнасьць» спартоўцаў, калі параўнаць з ранейшымі турнірамі, куды больш сьціплая. Больш дэталёва распавядае Ігар Карней".

(Карней: ) "Знаходзіць грошы на арганізацыю відовішча ды на немалыя ганарары замежным зоркам робіцца ўсё цяжэй. Зь неабходных дзеля прыстойнай арганізацыі турніру 22 000$ (на гэткім узроўні — фактычна капейкі) ледзь удалося знайсьці палову. Цягам трох тыдняў ніхто ня ведаў, ці адбудуцца спаборніцтвы наогул.

Ужо традыцыйны зварот да грамадзкасьці ды камэрцыйных структураў практычна ня меў выніку: беларускія бізнэсоўцы самі б не адмовіліся ад дапамогі. «Белтэлекам», адгукнуўся быў на покліч, а празь нейкі час даў «задні ход». Спартовыя чыноўнікі звыкла спасылаліся на залежнасьць ад дзяржаўнага фінансаваньня й адсутнасьць вольных сродкаў на беспрыбытковыя відовішчы.

Разьлічваць на прыбытак ад квіткоў таксама было ня варта: наўрад ці Палац спорту, калі гучных імёнаў на афішах няма, сабраў бы максымальную колькасьць гледачоў (а менавіта 3 500). Да таго ж самі квіткі не даражэй за 1 000 рублёў (менш за даляр). Супольны прыбытак не складзе ганарару нават для аднаго асобнага спартоўца.

Галоўны трэнэр нацыянальнай зборнай Ірына Ляпарская вымушаная канстатаваць, што давялося адмовіцца ад некаторых момантаў у агульнай арганізацыі дзеля эканоміі грошай. Затое намесьнік міністра спорту й турызму Аляксандар Грыгараў, насуперак відавочным фактам, лічыць, што турніру забясьпечаны такі самы посьпех, што й летась".

(Грыгараў: ) "Леташні турнір стаў упрыгожваньнем усяго году. Ён быў прызнаны самай яркай падзеяй і ў арганізацыйным пляне, і па падборы ўдзельнікаў. Тут прыгажосьць і творчасьць — гэта вельмі рознабаковая мерапрыемства, якое вельмі ўсім падабаецца. Многія журналісты, ды й проста людзі, часта пыталіся: адбудзецца ці не адбудзецца турнір. І ён адбудзецца".

(Карней: ) "Журналісты асобных спартовых выданьняў лічаць, што ігнараваць трэніроўкі альбо каляндарна заплянаваныя выступы дзеля ўдзелу ў менскім турніры не жадае амаль ніхто з сапраўды выбітных гімнастаў.

Рэгулярныя камэрцыйныя турніры спартоўцаў на Захад нельга параўнаць, бадай, ні па якіх паказчыках (асабліва ў фінансавым пляне) — відавочна, яны больш прыцягальныя. Інтэгратарскія памкненьні расейска-беларускага кіраўніцтва — замалая падстава для дабрачыннага падарожжа з Масквы ў Менск.

Самая вядомая зь цяперашняга пакаленьня расейскіх гімнастаў Сьвятлана Хоркіна адпачывае ў Францыі і, як было паведамлена на прэсавай канфэрэнцыі ў пятніцу, не адказвае на тэлефанаваньні.

Лідэрка румынскіх гімнастак Адрыяна Радукан нібыта якраз гэтымі днямі атрымала запрашэньне ад прэзыдэнта Румыніі дзеля атрыманьня ўзнагароды за выступ па выніках Алімпійскіх гульняў. Яшчэ адна зорка, грэк Табарас, у нядзелю бярэ прысягу для службы ў войску.

Зрэшты, гэта ня ўсе супадзеньні. Ці не найвялікшым скандалам яшчэ да пачатку мерапрыемства было фактычнае ігнараваньне турніру прызнаным лідэрам, бадай, усяго айчыннага спорту Іванам Іванковым. 8 студзеня, не азваўшыся на прапанову арганізатараў, Іванкоў паляцеў у ЗША. Многія мяркуюць, што Іванкоў так і ня змог пераадолець комплекс паразы ў Сыднэі, і, адпаведна, з такім настроем не знайшоў моцы ўзяць удзел у забаўляльным шоў.

Таму, як стала зразумела яшчэ загадзя, у фінальнай частцы будуць выступаць адно беларускія кадры (дзеля справядлівасьці, адных з найлепшых у сьвеце) ды тыя, чые лепшыя старты яшчэ наперадзе.

Затое даволі ўпэўнена можна сказаць, што ганаровым госьцем будзе прэзыдэнт НАК Аляксандар Лукашэнка — галоўны заўзятар самых розных спартовых форумаў — ад хакею да гімнастыкі. Аляксандар Грыгараў кажа, што калі Лукашэнка й ня зможа наведаць турніру, абавязкова будуць ягоныя сыны, таксама, відаць, вялікія знаўцы й аматары гімнастыкі. Накіравалі запрашэньні ўсім высокім асобам краіны. Але тут таксама атрымалася неспадзяванка, бо менавіта ў нядзелю шмат хто з чынавенства будзе ў Маскве на Днях Беларусі".


archive
  skip it
www.svaboda.org is © 2001 Radio Free Europe/Radio Liberty, Inc. All Rights Reserved.