news programs realaudio contact archive
      Мясцовыя выбары
    Беларусь - Расея
    Праскі акцэнт
    Экспэртыза свабоды
    Эканоміка
    Правы чалавека
    Міжнародны аддзел
    Рэгіёны
    Вайна з тэрарызмам

      Курапаты
    Палітычная геаграфія
    Беларускі Iнтэрнэт
    Суайчыньнікі
    Цытаты мінулага

    Вострая брама
    Беларуская
    Aтлянтыда

    Вольная студыя
    Чытальная заля
    Жывая мова
    Данчык выбірае

      Сымбаль веры
    Агляд пошты
    Дазвол на выезд
    Здароўе
    Мая Свабода
    Прыватны дзёньнік

  
   Шукайце ў Google


    Час і Хвалі
    Realaudio
    Аўдыё-архiў


    RFE/RL Newsline
    Weekday Magazine
    PBU Report
    RFE/RL Homepage
    Reprints


   Беларускі рэйтынг

   


20 Траўня 2004
 
Беларуская Свабода і беларускае замежжа – да 50-х угодак Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода
 
Ганна Сурмач, Прага
 
УДЗЕЛЬНІКІ: Барыс Кіт (Нямеччына), Вячка Целеш (Латвія), Яраслаў Станкевіч (Літва), Таіса Мішчанка (Масква), Мікола Салавей (Чэхія), Тацяна Макаед (ЗША), Юрась Карніцкі (Францыя), Васіль Еўдакімаў (Ангельшчына)

Сёньня ў дзень 50-гадовага юбілею Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода мы хочам нагадаць нашым слухачам пра вядучую ролю беларускай эміграцыі ў справе заснаваньня незалежнага беларускага радыё ў Мюнхене.

Беларуская Свабода стваралася для слухача ў Беларусі, але з цягам часу яна стала крыніцаю інфармацыі і для самой эміграцыі. Сёньня беларускае замежжа – гэта неад’емная частка аўдыторыі слухачоў Свабоды.

Беларуская Свабода і беларускае замежжа – сувязь паміж імі ў наш час стала яшчэ больш моцнай і рознабаковай. Цяпер нашае Радыё паведамляе не толькі пра тое, што робіцца ў Беларусі, але і пастаянна інфармуе слухача на Бацькаўшчыне пра жыцьцё беларускай дыяспары. Свабода аб’ядноўвае беларусаў па ўсім сьвеце, дае магчымасьць гаварыць на сваіх хвалях усім беларусам, незалежна ад мейсца іх жыхарства. Гэта адзін з найбольш значных вынікаў 50-гадовай дзейнасьці беларускай рэдакцыі.

Сёньня мы даем слова нашым слухачам з беларускага замежжа.

Першы наш госьць – прадстаўнік старэйшага пакаленьня эміграцыі, знакаміты навуковец Барыс Кіт, які цяпер жыве ў Нямеччыне.

(Кіт: ) “Са Свабодаю я зьвязаны асабіста. Я працаваў на Свабодзе яшчэ ў Мюнхене “фрылэнсам”, у беларускім аддзеле, 2 гады. Я езьдзіў з Франкфурту кожную суботу і нядзелю гаварыць на Радыё. Напрыклад, я якраз працаваў у той час, калі толькі што пачаўся дэмакратычны рух у Польшчы. Я адзін зь першых абвесьціў усяму беларускаму сьвету пра гэта”.

(Сурмач: ) “Сп. Барыс, як Вы ацэньваеце значнасьць дзейнасьці Свабоды для Беларусі, для беларускай справы?”

(Кіт: ) “Гэта найвышэйшая дапамога для адраджэньня беларускага народу, што вы ёсьць, што гаворыце, што ёсьць яшчэ Беларусь, і змагаецеся. Не толькі беларуская рэдакцыя, але і ўся Свабода – гэта магутная сіла, якая адолела Савецкі Саюз, адолела гэты камунізм перамагчы.

Слухаю, захапляюся заўсёды, да сёньняшняга дня. Тут добра чуваць. Мне падабаюцца тыя перадачы, дзе гаворыцца аб становішчы ў Беларусі.

Жадаю вам усяго найлепшага, каб вы і надалей рабілі гэту вялікую працу, якую робіце сёньня. Мы цешымся, што ёсьць такая Свабода ў Празе, што працягваеце тую працу, якую мы некалі таксама рабілі”.

***

Мастак Вячка Целеш, старшыня беларускай суполкі “Сьвітанак” у Рызе – даўні слухач Беларускай Свабоды.

(Целеш: ) “Я пачаў слухаць недзе з 1980-х гадоў, калі я сустрэўся зь беларускімі мастакамі. Я вучыўся ў акадэміі і паехаў у Беларусь, сустрэўся з мастакамі Яўгенам Куліком, Міколам Купавам і тады я пачаў слухаць Свабоду. Да Куліка я прыходзіў, і ён заўсёды слухаў толькі Свабоду.

Асабліва, калі пачаўся развал савецкай імпэрыі, тады я ўвогуле ня мог, каб не слухаць кожны дзень.

Для мяне Свабода важная і да сёньняшняга часу, кожны дзень я стараюся ў 22 гадзіны ўключаць Свабоду.

Свабода, яна дае той імпульс, тое адчуваньне, што належыш да Бацькаўшчыны, што ты перажываеш разам з усімі. Я заўсёды на нашых сходах казаў беларусам:"Слухайце Свабоду!".

Гэта важна, калі кожны дзень ты чуеш сваю мову, гэтыя навіны, як людзі там выжываюць, што там робіцца.

Цяпер складанасьці з перадатчыкам. Два гады таму ў Латвіі быў пастаўлены перадатчык, было чуваць без перашкодаў. Цяпер чамусьці ізноў дрэнна чуваць. Шкада, што амаль немагчыма слухаць”.

Вячка Целеш – ня толькі слухач, але і неаднойчы сам прамаўляў у перадачах.

(Сурмач: ) “Спадар Вячка, памятаеце свой першы выступ на хвалях Свабоды?”

(Целеш: ) “Першае выступленьне? У 1991 годзе я быў у Канадзе ў Таронта, прыехаў да свайго дзядзькі, які быў сябрам Рады БНР – Целеш Уладзімер. Калі даведаліся ў Нью-Ёрку, яму патэлефанавалі з радыё, Крупскі, здаецца, тады быў, папрасілі інтэрвію зрабіць, каб я распавёў пра свае ўражаньні. Я сказаў, што каб сюды беларусаў зь Беларусі прывезьці, і каб яны пабылі тут месяц і пабачылі, то яны плюнулі б на гэты Савецкі Саюз”.

(Сурмач: ) “Спадар Вячка, можаце сабе ўявіць, што беларускі голас на Радыё Свабода перастане гучаць?”

(Целеш: ) “Калі закрыюць Свабоду, то для тых, хто слухае, будзе поўны вакуўм. Мне "Голас Радзімы" бясплатна прысылаюць, навязваюць, але ад іх я ня бачу другі бок жыцьця ў Беларусі, там не паказана, як жывуць людзі, як апазыцыя, што думаюць іншыя людзі. Я толькі па Свабодзе гэта чую, і я лічу, што Свабода вялікую справу робіць. Калі я чую, што там выступаюць розныя людзі, з глыбінкі, ня толькі зь Менску, я больш адчуваю, што шмат ёсьць беларусаў, якія не падтрымліваюць палітыку сёньняшніх уладаў і думаюць пра незалежную Беларусь”.

(Сурмач: ) “Лічыце, што замежным беларусам гэтае Радыё патрэбна не менш, чым у Беларусі?”

(Целеш: ) “Абавязкова патрэбнае, бо беларускае замежжа таксама слухае Свабоду. Свабода вельмі патрэбная, асабліва цяпер, пакуль у нас у Беларусі няма яшчэ дэмакратыі, трэба, каб слухалі Свабоду, бо яна якраз нясе інфармацыю. Свабода павінна гучаць і чым болей, бо яна вельмі ўплывае на людзей, на лёс краіны. Трэба прыхіляць слухачоў. Трэба распавядаць пра гісторыю Беларусі, пра беларусаў пра замежжа ў Францыі, у Англіі, пра ўсе дыяспары, каб яны выступалі і распавядалі, каб мы ўсе чулі, што ёсьць беларусы ў сьвеце, якія таксама жывуць з народамі ўсяго сьвету, а не ў нейкім бальшавіцкім агародзе.

Я віншую, шчыра віншую ўсіх супрацоўнікаў Свабоды з гэтым юбілеем. Я слухаў цягам году перадачы пра гісторыю Радыё, гэтыя ўспаміны вельмі цікавыя”.

***

У Літве Беларуская Свабода мае таксама шмат сталых слухачоў. Сярод іх настаўнік Яраслаў Станкевіч, адзін са старэйшых віленчукоў.

(Сурмач: ) “Спадар Яраслаў, калі Вы пачалі слухаць перадачы, што для Вас Радыё Свабода?”

(Станкевіч: ) “Канец 1980-х, калі пачалі адбывацца гэтыя падзеі з развалам Саюзу. Да гэтага крыху ўдавалася слухаць. Цяпер, можна сказаць, што кожны дзень, калі не магу паслухаць, то праз інтэрнэт чытаю, каб не прапусьціць ніводнай перадачы. Паслухаеш, аж неяк лягчэй стане.

Падабаюцца перадачы аналітычныя, пра правы чалавека, "Экспэртыза Свабоды". Вельмі шмат цікавага, арыентуюся, як там у Беларусі, Я настаўнік, асабліва хвалююся, што ў школах няма беларускай мовы.

Хацелася б чуць пра нейкія добрыя падзеі, каб гэтыя перадачы радавалі, цешылі слухачоў – усіх і ў Беларусі і па-за яе межамі, каб былі такія навіны, якія сапраўды былі б радаснымі .

Самой Свабодзе – так трымаць!”

***

Зараз накіруемся ў Расею. З Масквы з намі размаўляе Таіса Мішчанка. Яна сябра Таварыства беларускай культуры імя Скарыны, актыўны ўдзельнік беларускага жыцьця ў сталіцы Расеі. Спадарыня Таіса шкадуе, што не пазнаёмілася са Свабодаю яшчэ ў школьныя гады.

(Мішчанка: ) “Я стала слухачом, напэўна, ад пачатку 1990-х гадоў. Спачатку выпадкова знаходзіла на хвалях, а потым, калі ў мяне тут зьявіліся беларускія сябры, то мне ўжо дакладна расказалі, на якіх хвалях можна слухаць. Тады я ўжо стала сталым слухачом. Я, на жаль, у школьныя гады ня ведала пра яе, і мне вельмі шкада, бо ў мяне магло шмат што зьмяніцца ў жыцьці, калі б я чула яе раней.

Заслуга вялікая гэтага Радыё, без такога аб'ектыўнага міжнароднага радыё немагчыма існаваньне было, асабліва за савецкім часам. Мы ўжо сталі ведаць, што такое наша гісторыя.

Сваё роднае слова, добрая дыкцыя дыктараў мне падабаецца і перадачы самі па сабе цікавыя”.

(Сурмач: ) “Можаце ўявіць сябе без Беларускай Свабоды, калі б, напрыклад, сталася, што яна перастала існаваць?”

(Мішчанка: ) “Ой, гэта як бы нехта дарагі памёр, ні ў якім разе, не зьнікайце! Свабода патрэбна, мы вельмі ўдзячныя першым супрацоўнікам – заснавальнікам Свабоды.

Без Свабоды ніяк, я думаю, каб яна працягвала ў тым жа накірунку. Посьпехаў вам, шмат слухачоў і каб было добра вас чутна ў Беларусі.

На жаль, цяпер я ўжо не слухач, а чытач, у інтэрнэце. Апошнім часам вельмі дрэнна стала чуваць у нас. Было б вельмі добра, каб яна была на сярэдніх хвалях, бо гэтыя кароткахвалёвыя прымачы даволі рэдка можна знайсьці ў продажы”.

***

Сёньняшнія палітычныя ўцекачы з Беларусі яшчэ на Радзіме ў бальшыні слухалі Свабоду і на чужыне гэтае Радыё для іх такая ж неабходнасьць. Паслухаем успамін маладога эмігранта з Чэхіі Міколу Салаўя.

(Салавей: ) “Гэта быў 1999 год, каранцінны лягер Вышнія Льготы, адтуль нельга было выходзіць цягам цэлага месяца. Наша адзіная сувязь з вонкавым сьветам – настаўнік чэскай мовы і ахова лягеру. Мы зь імі пазнаёміліся і папрасілі, каб яны купілі нам прыймач. Адзін з гэтых людзей сказаў, што ён мае свой старэнькі прыймач і прадаў нам яго.

Мы сядзелі ўсе разам і слухалі Радыё Свабода, былі ня толькі беларусы, але ў той час там жылі чачэнскія ўцекачы і мы разам слухалі. У маленечкім пакоі на аднаго чалавека, а мы там зьбіраліся сямёра. Гэта была наша сувязь са сьветам.

Свабода патрэбная ўсім беларусам, на жаль”.

***

Патрэбная інфармацыя Свабоды і тым беларусам у замежжы, хто сам працуе ў сродках масавай інфармацыі – выдае газэты, часапісы, рыхтуе радыё і тэлеперадачы. Тацяна Макаед ужо каля году вядзе беларускае радыё ў адміністрацыйным цэнтры Каліфорніі – горадзе Сакрамэнта.

Раней яна жыла ў Беларусі і яшчэ на Радзіме слухала Радыё Свабода.

(Макаед: ) “Слухаю яго зь дзяцінства, можна сказаць. Гэта такая інфармацыя, якую проста нельга ня слухаць. Гэта было яшчэ ў Беларусі, бацькі нашыя часамі ўключалі. Гэта першая крыніца, дзе я пачула беларускую мову. Памятаю, у дзяцінстве я першы раз пачула аб'яву, дзе гаварылася пра тое, каб вучылі беларускую мову. Гэта для мяне тады ўвогуле было дзіўна, пачуць праграмы на беларускай мове, сапраўднай беларускай мове.

Я тут магу пачуць гукам, а ня толькі пачытаць у інтэрнэце, гэта для мяне важна. Праз інтэрнэт я ўключаю і слухаю. Часам уключаю і для сваіх бацькоў, разам слухаем, калі можам. Для нас гэта захапленьне, слухаць тут беларускія навіны і ведаць, што робіцца ў Беларусі”.

(Сурмач: ) “І часта Вам даводзіцца выкарыстоўваць матэрыялы Свабоды для сваіх перадачаў?”

(Макаед: )”Так, я вельмі часта выкарыстоўваю інфармацыю, за мяжою нам цяжка знаходзіць інфармацыю, навіны, якія патрэбныя тут беларусам і ўвогуле славянам замежжа пра тое, што робіцца ў Беларусі. Я чытаю на радыё беларускія навіны. Радыё Свабода – гэта першая крыніца, якую я выкарыстоўваю. У мяне Свабода – гэта галоўная старонка, якая закладзена ў маім кампутары.

Зараз у нас новая праграма пра здароўе і гэту праграму я чытаю таксама, іншы раз бяру новыя ідэі.

Свабода дапамагае знаходзіць новыя ідэі, глядзець, як прафэсійна гэта робіцца, слухаць дыкцыю, вучыцца, як робяць прафэсіяналы.

Свабоду я люблю. Свабода заўсёды з намі. Вы робіце вельмі добрую працу, я хацела б, каб вы працягвалі існаваць. Свабода – гэта маленькая крыніца, прамень сьвятла, які дасягае ня толькі ў Беларусь, але і па-за яе межы. Жадаю, каб вы працягвалі сьвяціць ня толькі для Беларусі, але і па ўсім сьвеце”.

***

Юрась Карніцкі ў Францыі вывучае тэалёгію і філязофію ў Ліёнскім унівэрсытэце, вучыцца там першы год. Да гэтага ён вучыўся ў вышэйшай каталіцкай сэмінарыі ў Гародні.

(Карніцкі: ) “Зьяўляюся слухачом Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода недзе ад 1998 году, калі яшчэ быў у школе. Я слухаю яе 5-6 разоў у тыдзень, тут лепшы прыём, чым у Беларусі. Аддаю перавагу перадачам "Жывое слова", "Палітычная геаграфія", "Беларуская Атлянтыда", "Беларускае замежжа”,”Праскі акцэнт”.

Першае з пажаданьняў – перайсьці ў больш масавы эфір. З пашырэньнем Эўразьвязу на Ўсход неяк дамовіцца ў Польшчы, каб можна было вяшчаць хаця б на прыгранічныя тэрыторыі. Гэта ўсё ж Радыё Свабода, якое незалежнае, яно зьяўляецца як бы промнем сьвятла для нас у Беларусі. Таксама яно павінна разьлічвацца і на замежных беларусаў.

Новыя праграмы – такое было б пажаданьне стварыць нешта гістарычнае, нешта падобнае на "Беларускую Атлянтыду", але не ў такіх мітах, а больш канкрэтна, больш гістарычна.

Я маю заўтра прэзэнтацыю сваёй краіны ў нашай навучальнай установе і было даволі цяжка знайсьці нешта, каб растлумачыць на добрым узроўні, дзе знаходзіцца краіна, і што мы маем. Яшчэ было б пажаданьне зрабіць нешта тыпу агляду літаратуры сучаснай. У рамках гістарычных таксама можа зрабіць перадачу пра магнацкія і шляхецкія роды, пра нашыя вялікія сем'і, якія рабілі палітыку ня толькі ў сваёй дзяржаве, але і ў Эўропе”.

***

Мы пазванілі таксама ў Ангельшчыну, дзе традыцыйна існуе беларуская эміграцыя, як старэйшая, так і новая. З намі размаўляе старшыня Англа-беларускага таварыства Васіль Еўдакімаў з Лёндану.

(Еўдакімаў: ) “Слухаю, асабліва раней шмат слухаў, калі ў нас яшчэ не было інтэрнэту і ня так лёгка было атрымваць навіны зь Беларусі, тады, безумоўна, гэта была асноўная крыніца інфармацыі пра Беларусь. І зараз, хаця і болей крыніцаў зьявілася, але ж Свабода застаецца, безумоўна, галоўнай крыніцаю інфармацыі пра Беларусь. Я ведаю дакладна, што мае знаёмыя і сябры беларускага паходжаньня слухаюць Свабоду рэгулярна. Я, шчыра кажучы, больш чытаю ў інтэрнэце.

Падабаюцца праграмы культурнага пляну, "Палітычная геаграфія", размовы зь цікавымі людзьмі. Гэта ўсё цікава, пазнаеш сваю краіну, чуеш, як там людзі жывуць, так што як бы трымаеш руку на пульсе краіны.”

(Сурмач: ) “Спадар Васіль, якія Вы маеце пажаданьні да Радыё Свабода?”

(Еўдакімаў: ) “Пажаданьні? Можа трохі больш гумару даваць. Гэта праблема ня толькі Радыё Свабода, але і наша агульная праблема, бо мы трохі змрочная краіна. Тут на Захадзе лічаць, што наш увесь рэгіён, пачынаючы з Польшчы, гэта людзі, якія рэдка ўсьміхаюцца, заўсёды яны такія сумныя. І гэты імідж, мне здаецца, трэба патроху мяняць, для нашай жа карысьці. Агульны настрой можа быць троху больш аптымістычны.

Я думаю, што Радыё Свабода адыграла вялікую ролю ў станаўленьні, кажучы высокімі словамі, самаіндэнтыфікацыі нашай нацыі і, думаю, што яшчэ адыграе сваю ролю. Яно патрэбнае нам усім. Так што ўсім вам вялікіх посьпехаў, цікавых матэрыялаў, павагі і любові ад вашых слухачоў”.


archive
  skip it
www.svaboda.org is © 2004 Radio Free Europe/Radio Liberty, Inc. All Rights Reserved.