news programs realaudio contact archive
      Мясцовыя выбары
    Беларусь - Расея
    Праскі акцэнт
    Экспэртыза свабоды
    Эканоміка
    Правы чалавека
    Міжнародны аддзел
    Рэгіёны
    Вайна з тэрарызмам

      Курапаты
    Палітычная геаграфія
    Беларускі Iнтэрнэт
    Суайчыньнікі
    Цытаты мінулага

    Вострая брама
    Беларуская
    Aтлянтыда

    Вольная студыя
    Чытальная заля
    Жывая мова
    Данчык выбірае

      Сымбаль веры
    Агляд пошты
    Дазвол на выезд
    Здароўе
    Мая Свабода
    Прыватны дзёньнік

  
   Шукайце ў Google


    Час і Хвалі
    Realaudio
    Аўдыё-архiў


    RFE/RL Newsline
    Weekday Magazine
    PBU Report
    RFE/RL Homepage
    Reprints


   Беларускі рэйтынг

   


4 Траўня 2004
 
Дзяржаўны вэбсайт для беларускай дыяспары - www.21.by
 
Ганна Сурмач, Прага
 
Удзельнікі: Яраслаў Крывы (Нямеччына), Уладзімер Каткоўскі (Чэхія), Віктар Кавалеўскі (Аўстралія), Алена Макоўская (Менск).

Газэтай "Голас Радзімы" пры падтрымцы Камітэта па справах рэлігіі і нацыянальнасьцяў і Міністэрства замежных справаў Беларусі створаны першы афіцыйны вэбсайт для замежных беларусаў. Тэхнічную распрацоўку выканала БелТА. Пра гэтую новую ініцыятыву беларускіх уладаў слухайце ў чарговым выпуску перадачы "Беларускае замежжа".

Праект сайту быў шырока разрэклямаваны ў газэце "Голас Радзімы" як "нацыянальны інтэрнэт-праект пад назвай "Вітае Беларусь"". У рэкляме сьцьвярджаецца, што гэты дзяржаўны інтэрнэт-рэсурс прызначаны для насычанага прадстаўленьня Рэспублікі Беларусь замежнаму карыстальніку інтэрнэтам. Паводле стваральнікаў, галоўная мэта праекту - аб'яднаць дзяржаўную інфармацыю ў інтэрнэце для беларускай дыяспары, каб найбольш поўна прадставіць беларусам і іншым замежным карыстальнікам Беларусь у новым фармаце - фармаце 21 стагодзьдзя. Менавіта з гэтай прычыны ў якасьці адрасу быў абраны дамэн - www.21.by.

У гэтай рэклямнай інфармацыі зьвернем увагу, найперш, на тое, што для стваральнікаў сайта галоўнае - падаць інфармацыю пра сучасную Беларусь, але, ўвогуле нічога не гаворыцца пра забесьпячэньне іншых патрэбаў беларускай дыяспары. Ці патрэбны беларусам замежжа менавіта такі сайт, што ім хацелася б бачыць на гэтым сайце? З такім пытаньнем мы зьвярнуліся да некаторых прадстаўнікоў беларускай дыяспары.

Яраслаў Крывы зь Нямеччыны, прадстаўнік Задзіночаньня беларускай моладзі замежжа, якое таксама мае ўласную старонку ў інтэрнэце.

(Крывы: ) "У прынцыпе, самая ідэя добрая, трэба ствараць нейкі інфармацыйны рэсурс для беларусаў замежжа, які быў бы цікавым шырокай аўдыторыі. Але, яе рэалізацыя магла бы быць лепшай, на мой погляд.

Мне ён падаўся крыху не адпаведным майму ўяўленьню пра такога тыпу сайт. Некаторыя рэчы пастаўленыя наўпрост зь іншых сайтаў. Хацелася б, каб стваралася нешта сапраўды незалежнае, нешта сваё. Патрэбны новыя ідэі, калі робіцца новы сайт, а ня проста капіраваньне іншых. На маю думку, не хапае нечага свайго, творчага элемэнту. Але спадабалася, што там вэб-камэра з цэнтру Менску. Прыемна зірнуць: як там і што, якое надвор'е".

Гэтая вэб-камэра дае магчымасьць бачыць на першай старонцы сайта "жывое фота" зь Менску. Яна зьяўляецца хіба што галоўнай адметнасьцю вэбсайту і асаблівым гонарам ягоных аўтараў, бо першая ў Беларусі.

Але ж, гэтая навінка не кампэнсуе іншай "адметнасьці" сайта, разьлічанага на беларусаў замежжа, ягоную расейскую мову. Гэта найбольш не падабаецца спадару Яраславу.

(Крывы: ) "Калі гэты сайт ствараўся для беларусаў замежжа, то, напэўна, трэба мець на ўвазе, на якую аўдыторыю ён скіраваны. Вядома, што беларусы замежжа звычайна больш нацыянальна арыентаваныя, чым бальшыня беларусаў у самой Беларусі. Яны ў асноўным беларускамоўныя, усе беларускія газэты замежжа выдаюцца на беларускай мове, бо менавіта ў гэтым ёсьць ідэнтычнасьць беларусаў. А калі беларускія арганізацыі ў дыяспары пачынаюць пераходзіць на расейскую мову, то яны вельмі часта зьліваюцца з іншымі выхадцамі з былога СССР, і ім вельмі цяжка канкураваць на гэтым полі. Напрыклад, у той жа расейскай дыяспары значна больш сродкаў, значна больш людзей, каб перацягнуць да сябе аўдыторыю, у тым ліку і ў інтэрнэце.

Сайт відавочна арыентаваны на расейскамоўных людзей зь Беларусі. Магчыма, гэтым ставіцца мэта ахапіць больш шырокую аўдыторыю, але, з-за гэтага губляецца своеасаблівасьць сайту, страчваецца ягоная беларускасьць".

Уладзімер Каткоўскі, які жыве ў Нямеччыне, але цяпер працуе вэб-рэдактарам у Празе, таксама быў расчараваны пасьля першага наведваньня сайта 21.by.

(Каткоўскі: ) "Спачатку я быў вельмі прыемна зьдзіўлены, што нарэшце нешта добрае зроблена для беларусаў замежжа. Але калі я адчыніў гэтую старонку, то быў ўражаны хутчэй непрыемна. Галоўнае расчараваньне ў тым, што сайт зроблены на 95% на расейскай мове. Адзіная беларускамоўная частка - старонка газэты "Голас Радзімы". Я лічу, што гэта пэўная непавага да нас, што няма вэрсіі на беларускай мове.

На маю думку, амаль адзіны плюс гэтага сайту - першая публічная вэб-камэра ў Беларусі, так званая "жывая камэра". Але, наагул, сайт пакінуў у мяне сумнае ўражаньне і ў пляне арганізацыі інфармацыі, зьместу, дызайну.

Гэта ня вельмі прафэсійна, што адразу зь першай старонкі даюцца спасылкі на іншыя чужыя сайты, і некаторыя людзі могуць не зразумець і памылкова падумаць, што ўсе гэтыя тэксты, увесь гэты кантэнт належыць сайту 21.by. Але насамрэч гэта адно толькі сьпіс спасылак, якія паводле свайго густа выбраў аўтар сайту. І вось жа адразу паўстае пытаньне - наколькі ўдалы гэты выбар? Я лічу, што выбар досыць дрэнны, бо рэпрэзэнтуюцца толькі нейкія афіцыёзныя вэбсайты".

Відавочна, стваральнікі сайту ад самага пачатку ставілі мэту даваць спасылкі на іншыя сайты, а не абцяжарваць сябе творчымі распрацоўкамі ўласнага зьместу. Спадар Уладзімер мае рацыю, калі гаворыць пра якасьць падбору гэтых спасылак. І хутчэй за ўсё тут справа ня ў густах аўтараў, а ў зададзенасьці зьверху - падаваць спасылкі толькі на афіцыйныя сайты. Такім чынам мы ня знойдзем там спасылак на незалежны беларускі друк, на прыватныя рэсурсы беларускага сеціва. Выбар спасылак выглядае ня толькі тэндэнцыйным, але часам непрафэсійным і безгустоўным.

(Каткоўскі: ) "Напрыклад, у падразьдзеле з трохі дзіўнай назвай "Душа беларуса" пад словам "літаратура" пастаўленая спасылка на сайт library.by. Гэта афіцыёзная бібліятэка, дзе беларуская літаратура вельмі дзіўнай выбаркай твораў. Напрыклад, на слова "літаратура" можна было б даць спасылку на наш самы першы і самы вядомы сайт онлайн-бібліятэкі - knihi.com. Гэтай спасылкі, на жаль, у іх увогуле няма. Гэта датычыць і іншых лінкаў на першай старонцы".

Сайт library.by, які абраны тут прадстаўляць беларускую літаратуру, носіць назву "Белорусская виртуальная библиотека". Сярод рубрык сайту ёсьць толькі адно асабістае імя, вядома ж, Лукашэнкі, пад ім сабраныя тэксты выступленьняў беларускага прэзыдэнта. Цяжка ўявіць сабе інфармацыйную крыніцу, якая б горш прадстаўляла беларускую літаратуру, чым гэты сайт, дзе няма бальшыні вядомых імёнаў беларускіх творцаў. Больш аб'ектыўна, вядома ж, мог бы даць ўяўленьне пра літаратуру сайт knihi.com. Ён і быў тут выстаўлены напачатку, але без дазволу ягоных аўтараў. Адзін зь іх спадар, Андрусь Жвір з Аўстрыі, паведаміў нам, што яны мусілі накіраваць пратэст.

Яраслаў Крывы лічыць, што такая рэакцыя была цалкам апраўданаю

(Крывы: ) "Я думаю, што была такая нармальная рэакцыя людзей, якія не хацелі бачыць сваю інфармацыю ў чужым для іх кантэксьце, без спасылак. Пісалі лісты з пратэстам, як, напрыклад, я сам пісаў, каб іх прыбралі адтуль. І гэта было зроблена. Напэўна ж, ім прасьцей было нешта перацягнуць да сябе і сказаць, што гэта іхнае ці ўвогуле нічога не сказаць".

Такі падыход сьведчыць у некаторай ступені і пра неразборлівасьць у мэтадах адбору інфармацыі аўтараў сайту. На жаль, на самім сайце мы знаходзім імя толькі аднаго зь іх - Барыса Жукава, але і пра яго няма ніякай інфармацыі, пра ягоную кваліфікацыю. Адносна гэтага выказвае заўвагу Віктар Кавалеўскі з Аўстраліі.

(Кавалеўскі: ) "Чамусьці няма інфармацыі аб людзях, якія стварылі сайт. Магу сказаць, што дызайн, мне падаецца, добры. Вельмі добра, што там ёсьць такая частка, як "архівы", калі яны ўвядуць у гэтую частку нумары газэты "Голас Радзімы", напрыклад, пасьля 1990 году, то гэта будзе вельмі добра. Я лічу, што ўвогуле ідэя добрая, бачна, што людзі папрацавалі.

Што да недахопаў, то я лічу, што калі б яны трохі падрэзалі памеры графічных малюнкаў, то загрузка была б трохі хутчэйшай, бо яна ідзе нешта даволі доўга. Што да зьместу, я бы хацеў бачыць больш. Але ж лепш мець дадатковую крыніцу інфармацыі, чым ня мець ніякай".

З гэтай высноваю спадара Віктара можна было б паспрачацца, бо наяўнасьць гэтага відавочна прапагандысцкага сайта, дзе падаецца толькі аднабаковая - афіцыйная інфармацыя, будзе ствараць у ягоных карыстальнікаў скажонае уяўленьне пра Беларусь, пра гісторыю краіны, пра яе культурныя здабыткі.

Той, хто будзе, напрыклад, праглядаць разьдзел "Беларусь і дыяспара" не даведаецца, што ў Польшчы існуе Беларускі саюз, у Латвіі - суполка "Сьвітанак", ці ў Літве 15 гадоў працуе Таварыства беларускай культуры. Гэтыя актыўныя старэйшыя беларускія арганізацыі займаюць незалежніцкую пазыцыю і таму з пункту гледжаньня цяперашніх уладаў Беларусі не заслугоўваюць таго, каб пра іх увогуле прыпамінаць на гэтым сайце.

На сайце ёсьць разьдзел "Факты о Беларуси", дзе распавядаецца пра краіну і яе гісторыю. Гэта інфармацыя падаецца як аўтарская, але ў ёй не стае прафэсіяналізму. Уладзімер Каткоўскі лічыць, што і іншыя аўтарскія матэрыялы пададзены не найлепшым чынам.

(Каткоўскі: ) "Увогуле, там вельмі мала арыгінальнага зьместу, які належыць уласна гэтаму сайту. Тыя ж разьдзелы, якія напісаныя аўтарамі сайту, пакінулі досыць сумнае ўражаньне. Напрыклад, тэматычны артыкул пад назваю "Объясни иностранцу". Сутнасьць яго і ўзровень тлумачэньня паказваюць, што аўтар ня мае дастатковага ўзроўню ведаў, каб патлумачыць замежніку - чым ёсьць Беларусь. І наагул, аўтар дазваляе сабе ня вельмі ветлівыя, нават абразьлівыя заявы, інсынуацыі ў бок замежнікаў, што вельмі дзіўна менавіта для такога сайту.

Таксама ёсьць некалькі спасылак на студэнцкія сайты, але гэта спасылкі на расейскія сайты у той час, калі ў нас ёсьць некалькі добрых беларускіх студэнцкіх сайтаў: studenty.org, сайт Задзіночаньня беларускай моладзі замежжа - zbmz.org і г.д.

Гэты сайт пазыцыянуе сябе як вэбсайт для беларусаў замежжа, але на ім няма спасылак на сайты таго ж кірунку, напрыклад - сайт "Беларусы сьвету, знайдзі сваіх" my.knihi.com, сайт Згуртаваньня беларусаў сьвету "Бацькаўшчына" і пад".

Свае меркаваньні пра сайт 21.by мы папрасілі выказаць старшыню Рады Згуртаваньня беларусаў сьвету "Бацькаўшчына" Алену Макоўскую. У "Бацькаўшчыне" ўжо даўно чакалі, калі адчыніцца гэтая старонка з надзеяй, што яна істотна дапаможа замежным суродзічам у іхнай працы па захаваньню на чужыне сваёй мовы ды культуры.

(Макоўская: ) "Гэта нас вельмі зацікавіла, ведаеце, ідэя вельмі добрая. З майго пункту гледжаньня даволі добры дызайн. Гэты сайт прэзэнтуе нашу краіну, зь якімі набыткамі яна ўступіла ў 21-ае стагодзьдзе. Але вось тут якраз і ёсьць пытаньне: хацелася б, каб зьмест адпавядаў гэтай ідэі сайту. На мой погляд, інфармацыя пра Беларусь там недастатковая, слаба пададзеная гісторыя Беларусі, нашыя гістарычныя падзеі, якімі мы ганарымся, недастаткова прадстаўленая і сучасная Беларусь.

Сайт разьлічаны на беларускую дыяспару, дык добра было б, каб зьмест сайту адпавядаў патрэбам беларускай дыяспары. Я думаю, замежных беларусаў сёньня шмат што цікавіць. Напрыклад, тое, што рэальна робіць дзяржава ў галіне супрацоўніцтва з дыяспарай. Праекту закону аб замежных суайчыньніках на сайце няма. Закон ужо доўгі час знаходзіцца ў распрацоўцы і, я думаю, варта было б гэты праект разьмясьціць на старонцы 21.by, каб замежныя беларусы маглі ў сеціве выказаць свае заўвагі.

Таксама варта было б зьмясьціць іншыя законы Рэспублікі Беларусь, якія рэгулююць дачыненьні краіны з замежнымі суайчыньнікамі. Увогуле, я б параіла распрацоўшчыкам сайта, каб яны зрабілі нейкую юрыдычную службу на сайце, каб можна было непасрэдна да яе зьвяртацца.

Мы маем багаты вопыт кантактаў з дыяспарай, і мы можам сказаць, што замежных беларусаў цікавіць мэтодыка правядзеньня нацыянальных сьвятаў, сцэнары, тэксты песьняў, беларуская ежа, нацыянальнае адзеньне, наагул усе, што датычыцца беларускай культуры - нават беларускія падручнікі, каб вывучаць мову".

(Сурмач: ) "Спадарыня Алена, ці брала ўдзел "Бацькаўшчына " ў распрацоўцы сайту? Ці запрашалі Вас, ці ўлічваліся Вашыя прапановы?"

(Макоўская: ) "Не, мы не былі задзейнічаныя. У нас была колісь размова з адным з аўтараў сайту Барысам Жукавым, але мы папросту абмяркоўвалі ідэю.

Шмат арганізацый беларусаў у замежжы маюць свае сайты. Я думаю, што варта было б даць спасылкі і на гэтыя сайты, як і на беларускую пэрыёдыку за мяжою. Мы таксама маем уласны сайт, і мы лічым, што спасылку на яго таксама варта было б там зьмясьціць".

(Сурмач: ) "Наколькі лёгка, на Ваш погляд, працаваць з сайтам і знаходзіць на ім нейкую інфармацыю?"

(Макоўская: ) "З майго пункту гледжаньня ўсё ж цяжкавата знаходзіць патрэбную інфармацыю. Я б параіла аўтарам зрабіць яшчэ і нейкую мапу сайту альбо ўводнае слова ад распрацоўшчцыкаў пра тое, што і дзе можна знайсьці ў іх на сайце.

Яшчэ, тут даецца на першай старонцы спасылка на газэту "ГР". Для чалавека, які першы раз зайшоў на сайт, а гэта я назірала некалькі разоў, не зразумела, што гэта за дзіўны скарот "ГР". Іміджавы фактар патрабуе ад газэты "Голас Радзімы" пісаць уласную назву поўнасьцю.

Я хачу спадзявацца на тое, што аўтары сайту ўсё ж улічаць нашыя прапановы і дапрацуюць гэты сайт, каб ён сапраўды адпавядаў патрэбам беларускай дыяспары".

Са сказанага спадарыняй Макоўскай вынікае, што сайт 21.by недастаткова ўлічвае надзённыя патрэбы замежных беларусаў, можа таму і зваротная сувязь беларускага замежжа з сайтам выглядае пакуль што ня вельмі шырокай. І хаця аўтары паведамляюць, што сайт наведала за першы тыдзень 15,000 чалавек, а штодзённа на яго заходзяць 1,200 наведнікаў, але ж форумы на дадзены момант малаактыўныя.


archive
  skip it
www.svaboda.org is © 2004 Radio Free Europe/Radio Liberty, Inc. All Rights Reserved.