news programs realaudio contact archive
      Мясцовыя выбары
    Беларусь - Расея
    Праскі акцэнт
    Экспэртыза свабоды
    Эканоміка
    Правы чалавека
    Міжнародны аддзел
    Рэгіёны
    Вайна з тэрарызмам

      Курапаты
    Палітычная геаграфія
    Беларускі Iнтэрнэт
    Суайчыньнікі
    Сьвет за вакном

    Вострая брама
    Беларуская
    Aтлянтыда

    Вольная студыя
    Галерэя "Свабоды"
    Мэлёдыя дня

      Сымбаль веры
    Агляд пошты
    Здароўе
    Партрэт на Свабодзе

  
   Пошук - Google


    Час і Хвалі
    Realaudio
    Аўдыё-архiў


    RFE/RL Newsline
    Weekday Magazine
    PBU Report
    RFE/RL Homepage
    Reprints


   Беларускі рэйтынг

   


17 Сьнежня 2002
 
Беларусы ў найвышэйшых эшалёнах улады іншых краінаў
Госьцем перадачы - дэпутат літоўскага Сойму Вацлаў Станкевіч, прадстаўнік знанага беларускага роду, вядомы літоўскі палітык і актыўны беларускі дзеяч.
 
Ганна Сурмач і Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага
 
(Сокалаў-Воюш: ) “Гісторыя данесла да нас ці мала ймёнаў нашых землякоў, якія займалі пасады ў найвышэйшых эшалёнах улады іншых краінаў. Дастаткова згадаць караля Польшчы Ўладыслава Ягайлу, караля Чэхіі Зыгмунта Карыбута, першага прэзыдэнта Гавайскага Сэнату Міколу Судзілоўскага, старшыню ЧК Фэлікса Дзяржынскага ці міністра замежных справаў Савецкага Саюзу Андрэя Грамыку.

Іншае пытаньне: хто з гэтых людзей прызнаваў сябе беларусам і што з вышыні сваёй пасады ў чужых землях зрабіў для сваёй Бацькаўшчыны.

Дэпутат літоўскага Сойму Вацлаў Станкевіч мае што адказаць на гэтае пытаньне, але на пачатку я папрасіў яго сказаць пару словаў пра сябе”.

(Станкевіч: ) “Я нарадзіўся ў Беларусі, у вёсцы Арляняты Смаргонскага раёну, дзе нарадзіліся ўсе Станкевічы. Я нарадзіўся ў 1954 годзе, а ў 1958 годзе мае бацькі пераехалі на тэрыторыю Літвы. Так што я вырас і помню Літву. Там я атрымаў адукацыю. А потым, пасьля заканчэньня сярэдняй школы, я паступіў у мараходную вучэльню ў Клайпедзе, пасьля якой пачаў працаваць на моры як прафэсійны марак. Прайшоў кар’еру ад штурмана да капітана-дырэктара. З 1992 году пачаў працаваць на беразе як дырэктар эксплюатацыі флёту на адным з прадпрыемстваў Клайпеды. У 2000 годзе быў выбраны ў Сойм Літвы і пачаў працаваць у вялікай палітыцы”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Вы ўсё сьвядомае жыцьцё пражылі ў Літве. Адкуль веданьне беларускай мовы?”

(Станкевіч: ) “Вельмі цікавае пытаньне... Але ж мы – Станкевічы, а Станкевічы заўсёды змагаліся за незалежнасьць Беларусі – і за часамі савецкай улады, і яшчэ раней, а калі вярнуцца ў гісторыю – такія вядомыя змагары за Беларушчыну як Янка Станкевіч, Станіслаў Станкевіч, Адам Станкевіч. Я заўсёды ведаў, што я Станкевіч, што я з Арлянятаў, што я беларус, хоць і рос у Літве. Бацькі мае размаўлялі паміж сабой па-беларуску. А потым з часам прыйшла палітычная сьвядомасьць, што я сапраўдны беларус. Пастараўся прычытаць як найболей кніг, стараўся размаўляць дзе гэта было магчыма і цяпер маю магчымасьць прыйсьці да паразуменьня на сваёй роднай мове”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Я чую, што вы вельмі ганарыцеся, што паходзіце з такога славутага роду. А ў якім сваяцтве вы з гэтымі славутымі Станкевічамі?”

(Станкевіч: ) “Станіслаў Станкевіч – гэта мой дзядзька, родны брат майго бацькі. Янка Станкевіч ужо сваяк далейшы, але ўсё адно. Ягоныя сыны Вячка і Юрка – гэта таксама мае сваякі, якія жывуць і робяць беларускую справу. Мы пазнаёміліся, як Літва атрымала незалежнасьць. Адам Станкевіч – таксама мой сваяк, па лініі маёй бабулі. Так што я ганаруся гэтым, і мне здаецца, я павінен размаўляць па-беларуску і павінен працаваць для Беларусі”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Нагадаю, што згаданы тут літаратуразнаўца Станіслаў Станкевіч быў вядомым дзеячам беларускай культуры, як у перадваеннай Беларусі, так і сярод паваеннай эміграцыі. Янка Станкевіч – мовазнаўца, гісторык, пэдагог, доктар філязофіі, адзін з удзельнікаў абвешчаньня Беларускай Народнай Рэспублікі. Ягоныя дзеці Юрка й Вячка Станкевічы – інжэнэры, грамадзкія дзеячы, сябры Рады БНР. Апрача гэтага, Вячка – былы дырэктар беларускай службы Радыё Свабода, а Юрка – цяперашні выдавец часопісу “Belarusian Review”. Адам Станкевіч – паэта, рэлігійны й грамадзкі дзеяч, які загінуў у сталінскіх лягерох… Але вернемся да размовы з Вацлавам Станкевічам.

Скажыце, а ў савецкія часы ваша сям’я мела якія-небудзь кантакты са сваёй замежнай раднёй?”

(Станкевіч: ) “У савецкія часы бацька мне заўсёды апавядаў, што ёсьць ягоны брат Станіслаў Станкевіч у Амэрыцы, але ён ня меў кантакту са сваім братам. Ён толькі атрымліваў паведамленьні праз Польшчу, як жыве ягоны брат. Родная сястра майго бацькі жыве ў Польшчы, і яна мела нейкія сувязі з Амэрыкай. Мы таксама слухалі радыёперадачы, як Станіслаў Станкевіч вядзе перадачы, і мы на тэрыторыі Літвы чулі іх. Мне тады было можа 15-16 гадоў і я ведаў, што тое, што я чуў праз радыё і што гаворыць мой родны дзядзька, гэтага нельга распавядаць у школе, і я гэтага не рабіў. Але мы чулі яго вечарамі. Бацька сядзеў, слухаў і плакаў. Яму было вельмі цікава як тлумачыць, якой павінна быць Беларусь, ягоны родны брат”.

(Сокалаў-Воюш: ) “І вось вы, беларус, апынаецеся ў літоўскім Сойме. Як там успрымаюць вашую беларускасьць і ці ёсьць там яшчэ беларусы?”

(Станкевіч: ) “Я адзін толькі беларус у літоўскім Сойме, і гэта першы раз такая ўнікальная гісторыя. Адносіны з чальцамі Сойму вельмі добрыя. Я старшыня Камісіі ў справах НАТО. Што такое НАТО для Літвы і для балтыйскіх краінаў, нашыя радыёслухачы разумеюць і ведаюць – гэта прыярытэт нумар адзін. Прызначыць беларуса на такую адказную пасаду – трэба запраўды мець разуменьне, што такое дэмакратыя. Палітычная праца ідзе вельмі добра”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Я разумею, што Сойм належна паставіўся да вашых прафэсійных якасьцяў належна і абраў вас на такую пасаду. А вось хто былі вашыя выбаршчыкі і ці шмат было сярод іх беларусаў?”

(Станкевіч: ) “Не было маіх выбаршчыкаў беларусаў. Я з Клайпеды, я ня зь Вільні. Мяне выбіралі маракі Клайпеды, маракі Літвы”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Вы маеце дачыненьне да ўсіх беларускіх справаў, што адбываюцца ў Літве. Ня так даўно была прынятая пастанова аднавіць музэй Івана Луцкевіча, і вы бралі беспасярэдні ўдзел у гэтым. Але як вы бачыце сучаснасьць і пэрспэктывы беларускага руху ў Літве?”

(Станкевіч: ) “Пэрспэктывы вельмі добрыя. Толькі беларусы Літвы вельмі раздробленыя. Ёсьць такія, якія разумеюць будучыню Літвы і будучыню Беларусі ў Заходнім сьвеце, а ёсьць такія, якія падтрымліваюць рэжым Лукашэнкі. Літоўцы адносяцца да беларусаў Літвы добра. Я во беларус, але ў Сойме не апошні чалавек. Так што пэрспэктывы вельмі добрыя. Цяпер адносіны зь Беларусяй на ўзроўні культурным, эканамічным – неблагія. Але, на жаль, на палітычным узроўні адносінаў амаль няма. Трэба спадзявацца, што ў будучыні і на палітычным узроўні палепшацца нашы адносіны (Рэспублікі Літвы і Рэспублікі Беларусі) і тады пэрспэктывы будуць яшчэ лепшыя”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Вы сказалі, што сярод беларусаў Літвы ёсьць прыхільнікі рэжыму Лукашэнкі. Адсюль і пытаньне: як вы бачыце сучаснасьць і будучыню Беларусі?”

(Станкевіч: ) “Я ўпэўнены, што Беларусь пойдзе ў заходнім накірунку разьвіцьця. На сёньняшні дзень мы можам крытыкаваць Расею за Чачню і іншыя справы, але Расея ідзе па дэмакратычнаму кірунку разьвіцьця – збліжаецца з НАТО і Эўрапейскім зьвязам. На жаль, Беларусь ня робіць такіх крокаў. Я ўпэўнены, што дэмакратычныя сілы Беларусі прыйдуць да ўлады і Беларусь пойдзе ў дэмакратычным накірунку разьвіцьця”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Вы супрацоўнічаеце з Радай Эўропы, калі мы ўжо загаварылі пра заходні накірунак. Ад Рады Эўропы вы былі назіральнікам на прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі. У часе назіраньня вы размаўлялі па-беларуску і мелі з таго нейкія непрыемнасьці?”

(Станкевіч: ) “Ня тое, каб непрыемнасьці, але я заўважыў, што калі ў Беларусі размаўляеш па-беларуску, на цябе глядзяць амаль як на ворага. Таксама будучы ў Нацыянальным сходзе Беларусі як прадстаўнік Рады Эўропы я таксама пастараўся размаўляць па-беларуску. Але я заўважыў: усе размаўляюць чамусьці па-расейску. У Літве таксама размаўляюць і па-расейску, але ўсе памятаюць, што ёсьць дзяржаўная мова – літоўская. Мне здаецца, што трэба мяняць гэты погляд. Як міністры, так і сам прэзыдэнт усё ж такі павінны размаўляць на сваёй мове”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Спадар Станкевіч, я ведаю, што вы маеце жонку і двух сыноў. Ваша жонка – эканаміст. Адзін сын – студэнт чацьвертага курсу амэрыканскага ўнівэрсытэту “Канкордзія”, а другі, якому 13 гадоў, школьнік. Скажыце, ці вашыя дзеці адчуваюць сябе Станкевічамі ў такой самай ступені як вы?”

(Станкевіч: ) “Можа, не ў такой ступені, але яны добра ведаюць, што такое Станкевічы для Беларусі. Старэйшы сын прымае гэта як належнае, а малодшы ганарыцца, часамі нават зашмат ганарыцца”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Спадар Станкевіч, вы – палітык, вас абіралі ў парлямэнт не беларусы, якія зрэшты, маглі й ня ведаць, што вы – беларус”.

(Станкевіч: ) “Па законах Летувы (а так было б слушна гаварыць па-беларуску), калі мы атрымліваем пашпарт, у нас не патрабуюць пісаць, якой ты нацыянальнасьці. Але, калі хочаш – можаш. У маім пашпарце ёсьць штампік, што я беларус. Можна запытацца: а нашто табе, можна было б і бяз гэтага штампіка. Зялёны пашпарт. Грамадзянін Літвы. Я размаўляю па-літоўску як літовец. Ніхто і не зразумеў бы, хто я такі. Я вельмі часта бываю за мяжой. Я размаўляю ад імя Літвы і я хачу, каб усе ведалі, што ў Літве працуе беларус, і няхай усе думаюць пра Беларусь, можа не пра ўсю Беларусь, але як маленькую часьцінку. Вось, Станкевіч – гэта беларус, які працуе для Літвы”.


archive
  skip it
www.svaboda.org is © 2003 Radio Free Europe/Radio Liberty, Inc. All Rights Reserved.